Увядзеньне сыстэмы BelToll адтэрміноўваецца
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
27.06.2013 13:45
Пачатак збору платы за праезд па платных дарогах у сыстэме BelToll пераносіцца з 1 ліпеня на 1 жніўня.
fot. Kolanin/Wikimedia Commons
Тэрмін пачатку збору платы за праезд па платных дарогах Беларусі ў сыстэме BelToll, якая першапачаткова пакрые 815 км аўтадарог краіны, пераносіцца з 1 ліпеня на 1 жніўня, паведамілі БелаПАН у Міністэрстве транспарту і камунікацый.
У транспартным ведамстве патлумачылі, што на працягу ліпеня будзе праведзеная праца па наладцы ўсіх апэрацыйных функцый сыстэмы, заключэньні кантрактаў з карыстальнікамі сеткі платных дарог, устанаўленьні рабочых працэдур апэрацыйных служб і служб назіраньня за зборам аплаты, зборы, аналізе і клясыфікацыі інфармацыі аб зарэгістраваных карыстальніках.
Нацыянальная сістэма збору платы за праезд BelToll прыйдзе на зьмену ручному збору платы і шлагбаумам, якія перашкаджаюць няспыннаму руху транспартнага патоку. Над палатном дарогі будуць разьмешчаны адмысловыя станцыі збору платы з прыёмаперадатчыкамі, якія забясьпечваюць абмен інфармацыяй з бартавой прыладай карыстальніка, устаноўленай на лабавым шкле транспартнага сродку. Плата за праезд сьпісваецца аўтаматычна, калі аўтамабіль праязджае пад станцыямі збору платы, безь неабходнасьці зьніжэньня хуткасьці, спыненьня або выбару пэўнай паласы руху.
Для таго каб аплачваць праезд, кіроўцам неабходна зарэгістравацца ў сыстэме праз сайт beltoll.by або ў пункце абслугоўваньня кліентаў і, унёсшы неабходны залог, атрымаць спэцыяльную бартавую прыладу, адпаведную тыпу транспартнага сродку.
Для вадзіцеляў аўтамабіляў з дазволенай максымальнай масай менш чым 3,5 тоны з краін Мытнага зьвязу праезд застанецца бясплатным.
БелаПАН/ эб