Logo Polskiego Radia
Print

БАЖ паскардзіўся Барсукову на затрыманьні журналістаў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 24.10.2013 13:00
Кіраўнікі БАЖ нагадалі, што за за гэты год было, як мінімум, 35 выпадкаў затрыманьня журналістаў.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна й яе намесьнік Андрэй Бастунец 23 кастрычніка сустрэліся з начальнікам менскай міліцыі Аляксандрам Барсуковым.

Тэмай сустрэчы, якая працягвалася больш за паўгадзіны, стала масавае затрыманьне журналістаў 19 кастрычніка на чыгуначным вакзале ў Менску перад сустрэчай Паўла Севярынца.

„Мы яшчэ раз нагадалі, што ня толькі ў супрацоўнікаў міліцыі, але і ў журналістаў ёсьць свае прафэсійныя правы й абавязкі, якія заключаюцца ў тым, каб знаходзіцца непасрэдна на месцы падзеяў і фіксаваць, здымаць, занатоўваць усё, што адбываецца”,- распавяла Жанна Літвіна.

Кіраўнікі БАЖ пазнаёмілі начальніка менскай міліцыі з вынікамі маніторынгу, паводле якога за гэты год было, як мінімум, 35 выпадкаў затрыманьня журналістаў. Чатыры зь іх скончыліся адміністратыўнымі арыштамі.

Аляксандар Барсукоў у адказ адзначыў, што ў мінулую суботу ён не знаходзіўся на месцы канфлікту, але адразу ж прыбыў туды, асабіста спраўдзіў дакумэнты ў журналістаў, пасьля чаго даў падначаленым каманду вызваліць усіх прадстаўнікоў СМІ.

Як паведамляе прэсавая служба БАЖ, Жанна Літвіна прывяла прыклад наладжваньня ўзаемадачыненьняў міліцыі й журналістаў у суседніх краінах. У прыватнасьці, распавяла пра ўвядзеньне ў Маскве так званых „картак бясьпекі” журналістаў. Такія карткі выдаюць органы ўнутраных спраў у адпаведнасьці з мэмарандумам, які падпісалі маскоўская паліцыя й Расейскі саюз журналістаў.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт