Віцебская пракуратура абвясьціла папярэджаньне Сяргею Рыжову
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
07.12.2013 15:50
Яно тычыца дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
svaboda.org
Віцебская пракуратура абвясьціла папярэджаньне Сяргею Рыжову. Яно тычыца дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі - Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі „Белая Русь”.
„Згодна з артыкулам 193-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, арганізацыя дзейнасьці альбо ўдзел у дзейнасьці палітычнай партыі, іншага грамадзкага аб’яднаньня, якія не прайшлі ў вызначаным парадку дзяржаўную рэгістрацыю, караецца штрафам, альбо арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, альбо пазбаўленьнем волі на тэрмін да двух гадоў”, - гаворыцца ў папярэджаньні за подпісам намесьніка пракурора Віцебскай вобласьці старшага дарадцы юстыцыі Георгія Каранько. Афіцыйную паперу Сяргей Рыжоў атрымаў падчас выкліку ў пракуратуру.
Паводле Рыжова, партыя насамрэч незарэгістраваная. Ён абвясьціў пра стварэньне Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі „Белая Русь” у 2010 годзе, але ніякіх спробаў зарэгістраваць яе не рабіў: быў загадзя пэўны, што яны безвыніковыя.
У інтэрнэт-выступах Сяргей Рыжоў адкрыта называе сябе кіраўніком гэтае партыі. Ён лічыць, што адна з апошніх публікацый і стала прычынай пільнай цікаўнасьці пракуратуры: на інтэрнэт-старонцы радыё „Эхо Москвы” Рыжоў разьмясьціў паведамленьне, што ягоная партыя гатовая падтрымаць у Віцебску ініцыятыву правядзеньня Дня памяці ахвяр разгону акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году ў Менску.
Сяргей Рыжоў заявіў, што з папярэджаньнем ня згодны й будзе яго абскарджваць.
svaboda.org/az