Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь і ЭЗ пачалі перамовы аб спрашчэньні візавых працэдур

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 31.01.2014 10:24
Гэта было асноўнай мэтай візыту намесьніка міністра замежных спраў Алены Купчыной у Брусель 29—30 студзеня.

Падчас візыту абмяркоўвалася таксама пытаньне аб рэадмісіі. Пра гэта паведаміла прэс-служба беларускага МЗС.

Наступны раўнд перамоваў адбудзецца ў сакавіку ў Менску.

Алена Купчына сустрэлася зь генэральным дырэктарам генэральнага дэпартамэнту ўнутраных спраў ЭК Стэфанам Мансервіз.

Падчас сустрэч Купчыной з эўрапейскім камісарам па пашырэньні і эўрапейскай палітыцы суседзтва Штэфанам Фюле і дырэктарам дэпартамэнта Расеі, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Гунарам Вігандам былі абмеркаваны "пэрспэктывы беларуска-эўрапейскага дыялёгу й практычнага ўзаемадзеяньня паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам", у тым ліку ўдзел Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве. Дасягнуты дамоўленасьці аб пачатку кансультацый у мэтах вызначэньня найлепшай формы будучага супрацоўніцтва паміж урадам Беларусі і Эўрапейскім Зьвязам у адпаведнасьці з параграфам 29 выніковай дэклярацыі Віленскага саміту Ўсходняга партнэрства.

Адносіны Беларусі з Эўрапейскім парлямэнтам былі прадметам гутарак Купчыной з віцэ-прэзыдэнтам ЭП Яцакам Пратасевічам і кіраўніком дэлегацыі ЭП па сувязях з Беларусьсю Філіпам Качмаракам.

Пра намер Беларусі пачаць перамовы з ЭЗ аб спрашчэньні візавых працэдур паведаміў на лістападаўскім саміце Ўсходняга партнэрства ў Вільні кіраўнік МЗС Уладзімір Макей.

яс/БелаПАН

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт