Генпракуратура ня хоча вяртацца да справы Кавалёва
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
05.04.2014 08:30
Маці й сястра Кавалёва абскардзяць адказ пракуратуры.
Генпракуратура Беларусі адмовіла сваякам Уладзіслава Кавалёва ў аднаўленьні справы па новых абставінах.
Кавалёў — адзін з расстраляных па абвінавачаньні ў арганізацыі тэракту ў менскім мэтро.
У сакавіку маці й сястра Ўладзіслава Кавалёва накіравалі заяву генпракурору Аляксандру Канюку, у якой прасілі вынесьці пастанову пра пачатак вытворчасьці па гэтай крымінальнай справе ў сувязі з новымі абставінамі.
Яны адзначалі, што Камітэт ААН па правах чалавека, куды зьвярталіся са скаргай, устанавіў: беларуская дзяржава парушыла права на жыцьцё Ўладзіслава Кавалёва. Паводле Камітэта ААН, пры разглядзе справы Кавалёва беларуская дзяржава парушыла шэраг палажэньняў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах: забарону прымяненьня фізычнай сілы й прымус да паказаньняў супраць сябе, прэзумпцыю невінаватасьці. Акрамя таго, суд не зьяўляўся незалежным і непрадузятым, было парушана права на перагляд прысуду вышэйстаячай судовай інстанцыяй.
У сваёй заяве жанчыны адзначалі, што выяўленыя Камітэтам ААН па правах чалавека парушэньні палажэньняў міжнароднага пакта пасьля пакараньня сьмерцю могуць быць выпраўленыя толькі шляхам перагляду справы.
Паводле праваабаронцы Рамана Кісьляка, з адказу генпракуратуры вынікае, што рашэньне Камітэту па правах чалавека па справе Кавалёва не ўваходзіць у пералік падстаў для перагляду справы. Ён сказаў, што маці й сястра Кавалёва абскардзяць адказ пракуратуры.
Сьмяротны прысуд Уладзіславу Кавалёву быў вынесены 30 лістапада 2011 году Вярхоўным судом. 7 сьнежня асуджаны падаў прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі. 17 сакавіка 2012 году сваякі Кавалёва атрымалі зь Вярхоўнага суду ліст аб тым, што 15 сакавіка прысуд быў выкананы.
Скарга маці Кавалёва й яго сястры зарэгістраваная ў Камітэце ААН па правах чалавека 15 сьнежня 2011 году, разгледжана — 29 кастрычніка 2012 году.
БелаПАН/svaboda.org/аз