Ад цяжарнай жонкі Дашкевіча не прынялі перадачу
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
18.05.2014 14:32
Лідар "Маладога фронту" быў арыштаваны па надуманых прычынах, паколькі ўлады прэвэнтыўна затрымлівалі актывістаў.
17 траўня ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў адмовіліся ўзяць перадачу з прадуктамі ад жонкі аднаго зь лідараў “Маладога фронту” Дзьмітрыя Дашкевіча. Ахоўнікі не ўзялі перадачу, паколькі згодна загаду, перадачы для тых, хто сядзіць 25 сутак, можна прыносяць раз у тры дні. Апошнюю перадачу для Дашкевіча прынялі 14 траўня, таму наступная павінна быць 18 траўня.
Анастасія Дашкевіч знаходзіцца на дзявятым месяцы цяжарнасьці. Яна прасіла, каб перадачу ад яе прынялі і перадалі на наступны дзень, каб не стаяць у чарзе. Але ахоўнікі адмовіліся.
Зьміцер Дашкевіч быў затрыманы за два тыдні да пачатку Чэмпіянату па хакеі і асуджаны на 25 сутак адміністрацыйнага арышту. Паводле меркаваньня праваабаронцаў, ён быў арыштаваны па надуманых прычынах, паколькі ўлады прэвэнтыўна затрымлівалі актывістаў, каб пазьбегнуць магчымых акцый падчас чэмпіянату. Дашкевіч павінен выйсьці на свабоду 19 траўня.
БелаПАН/нг