Прызначаны тэрмін разгляду скаргі Андрэя Бандарэнкі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
27.09.2014 16:00
У жніўні праваабаронца быў прысуджаны да 3 гадоў зьняволеньня.
Андрэй Бандарэнка. Фота: belsat.eu
31 кастрычніка Менскі гарадзкі суд разгледзіць касацыйную скаргу праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі. Пра гэта актывістам „Плятформы” паведамілі ў Кастрычніцкім судзе Менску, дзе судзілі Андрэя Бандарэнку.
У жніўні праваабаронца, былы палітвязень Андрэй Бандарэнка быў прызнаны вінаватым у злосным хуліганстве й асуджаны на 3 гады зьняволеньня. На судзе Бандарэнка прызнаваў віну часткова й абскардзіў прысуд. З красавіка Андрэя Бандарэнку ўтрымліваюць у ізалятары на Валадарскага. Паводле сваякоў вязьня, на ўмовы ўтрыманьня й абыходжаньне зь ім ахоўнікаў ён ня скардзіўся.
Шмат у каго з тых, хто назіраў за працэсам над Андрэем Бандарэнкам, узьніклі падазрэньні, што асобныя эпізоды ягонай справы былі справакаваныя ўладамі.
„Вельмі падазрона выглядаюць паказаньні сьведкі, якую на судзе нават не паказалі. Яна нібыта пазнала Андрэя Бандарэнку на месцы гэтак званага злачынства, хоць раней яго ніколі ня бачыла. І выявілася, што менавіта гэтая сьведка першай патэлефанавала ў міліцыю, каб паведаміць пра ўчынак Бандарэнкі, а ў судзе выявілася блытаніна зь яе паказаньнямі. Сумнеўных акалічнасьцяў у гэтай справе зашмат”, - заўважае праваабаронца Валер Шчукін.
Ва ўстанове „Плятформа-інавэйшн”, якой раней кіраваў Андрэй Бандарэнка, зазначаюць, што вынесены яму прысуд адпавядае практыцы прысудаў за падобныя злачынствы.
svaboda.org/аз