Беларусы баяцца беднасьці й не давяраюць апазыцыі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
08.10.2014 16:00
Пра гэта сьведчаць вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня праведзенага НІСЭПД.
Амаль палова беларусаў, ацэньваючы сваю цяперашнюю эканамічную сытуацыю, лічыць, што жыць цяжка, але можна яшчэ пацярпець.
Пра гэта сьведчаць вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня грамадзкай думкі, праведзенага ў верасьні 2014 году сацыёлягамі Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) шляхам апытаньня 1506 рэспандэнтаў.
34% апытаных лічаць, што „ўсё ня так кепска, можна жыць”, і толькі 15% выказаліся, што „цярпець наш гаротны стан ужо немагчыма”.
Ацэньваючы сацыяльную групу, да якой яны належаць, амаль 53 % паведамілі, што ім „грошай хапае на прадукты й вопратку, але купля рэчаў працяглага карыстаньня зьяўляецца праблемай”. Хапае грошай на прадукты, але нестае на адзеньне 25% апытаных.
43% рэспандэнтаў выказаліся, што больш за ўсё баяцца беднасьці, а страта здароўя выклікае неспакой ажно ў 62%. Грамадзянскай вайны баяцца 27% апытаных, замежнай агрэсіі — 20%, страты Беларусьсю незалежнасьці — 13%.
Тым часам адзначаецца падзеньне даверу да апазыцыі — 14% (у чэрвені было 15) і рост даверу да дзяржаўных СМІ — 39% (у чэрвені было 33).
Адказваючы на пытаньне „Ці разумее беларуская апазыцыя праблемы і клопаты такіх людзей, як вы?”, 59% апытаных адказалі „не”, 21% — „так”. Год таму гэтыя лічбы склалі 56 і 24% адпаведна.
Вынікі апытаньня пра нізкі давер да апазыцыі перагукаюцца з ранейшым апытаньнем Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, згодна зь якім рэйтынг Лукашэнкі вырас на фоне падзей ва Ўкраіне.
svaboda.org/аз