Магчыма, што ў 2015 годзе на электраэнэргію ня будзе льгот
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
16.12.2014 15:53
У наступным годзе беларусам могуць выставіць за электраэнэргію 100-працэнтны рахунак.
SXC / Polskie Radio
photo: SXC / Polskie Radio
У наступным годзе беларусам могуць выставіць за электраэнэргію 100-працэнтны рахунак. "Такая верагоднасьць ёсьць", - заявіў сёньня намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Вадзім Закрэўскі. Чакаецца, што па выніках 2014-га года насельніцтва пакрые дзяржаве больш за 80% выдаткаў за спажытую электраэнэргію.
Ці будуць беларусы пакрываць усе выдаткі энэргетыкаў, пакуль дакладна ніхто сказаць не бярэцца. Тут усё будзе залежаць ад росту рэальнай зарплаты па краіне.
"Наколькі дазволяць адпаведныя тэмпы зарплаты, такія рашэньні й будуць прынятыя", - удакладніў Вадзім Закрэўскі.
Сёньня ў краіне ўстаноўлены крытэрыі росту тарыфаў на паслугі ЖКГ: у пачатку года ўсе паслугі даражэюць на 5 даляраў у эквіваленце, а потым кожны квартал індэксуюцца разам з ростам сярэдняй зарплаты па краіне. Апошняе павышэньне "камуналкі" адбылося з 1 сьнежня, наступнае чакаецца з 1 студзеня.
У Міністэрстве ЖКГ падлічылі, што сёньня насельніцтва пакрывае прыкладна 31% рэальных выдаткаў камунальнікаў. Дзяржава абяцае, што ўжо да 2017 года насельніцтва будзе плаціць за паслугі ўсе 100%.
белта/вс