Logo Polskiego Radia
Print

Менск на выставе ў Канах

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 12.03.2015 12:55
На выставе нерухомасьці ў Канах адбылася прээнтацыя магчымасьцяў сталіцы Беларусі.

11 сакавіка ў межах Міжнароднай выставы камэрцыйнай нерухомасьці і MIPIM-2015, што праходзіць у Канах, адбылася прэзэнтацыя Менску.

Як паведамляе прэс-служба пасольства Беларусі ў Францыі, тэматычны стэнд на выставе прадстаўляе знакавыя праекты, якія рэалізуюцца ў беларускай сталіцы — "Маяк Менску" і "Менск-Мір".

На прэзэнтацыі выступіў амбасадар у Францыі Павел Латушка. "Для інвэстыцый у нерухомасьць вялікія магчымасьці адкрывае сталіца Беларусі, якая мае ўсе перадумовы для таго, каб стаць буйным дзелавым цэнтрам. Дынамічнае разьвіцьцё Менску ў апошнія гады зьяўляецца яркім гэтаму пацьвярджэньнем", — сказаў беларускі дыплямат.

Ён таксама распавёў пра іншыя праекты, якія плянуецца рэалізаваць у беларускай сталіцы: адміністрацыйна-камэрцыйны комплекс "Залатыя аблокі", спартыўна-забаўляльны і гандлёва-культурны комплексы, шматфункцыйны забаўляльны цэнтр з гасьцініцай, офісамі і падземнай стаянкай, спартыўныя збудаваньні, паркінгі.

Паведамляецца, што пасьля завяршэньня прэзэнтацыі пасол правёў перамовы з патэнцыйнымі інвэстарамі з Гішпаніі, Сэрбіі, Францыі і Чарнагорыі.

Выстава MIPIM зьяўляецца адным з найбуйнейшых мерапрыемстваў у сфэры камэрцыйнай нерухомасьці і інвэстыцый у Эўропе і традыцыйна зьбірае найбольш уплывовых гульцоў розных сэктараў міжнароднага рынку нерухомасьці: офісы, жыльлё, гандаль, мэдыцына, спорт, лягістыка і прамысловасьць.

На MIPIM-2015 прадстаўлена каля 200 сталічных гарадоў і буйных аглямерацый з 90 краін. Плянуецца, што мерапрыемства наведае больш за 20 тыс. чалавек.

БелаПАН/эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт