Беларусь хоча запусьціць свой спадарожнік сувязі
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
23.04.2015 17:45
Беларускі спадарожнік сувязі "Белінтэрсат 1" плянуецца запусьціць да сакавіка 2016 году.
Фота: astrotek.ru
Аб гэтым паведаміў сёньня намесьнік дырэктара па разьвіцьці, кіраўнік праекту РВУП "Завод дакладнай электрамэханікі" Андрэй Абрамаў, перадае БЕЛТА.
"Беларуска-кітайскі праект па стварэньні нацыянальнай сыстэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчаньня Беларусі стартаваў у 2013 годзе. Запусьціць спадарожнік мы плянуем у пэрыяд са сьнежня 2015 году па сакавік 2016 году. Нашыя кітайскія партнэры сьцьвярджаюць, што гэта адбудзецца раней за сярэдзіну сакавіка, і прыкладаюць намаганьні, каб гэты тэрмін яшчэ скараціць", - патлумачыў Андрэй Абрамаў.
Паводле яго слоў, далей будзе ісьці этап арбітальных выпрабаваньняў. Андрэй Абрамаў падкрэсьліў, што рэалізацыя праекту ідзе актыўна. "Завершаныя этапы праектаваньня ракетаносьбіта і спадарожніка, ідзе будаўніцтва наземнай інфраструктуры - наземнага комплексу кіраваньня ў Станькаве (40 км ад Менску). Там цяпер завяршаецца мантаж будынкаў і збудаваньняў. Мантаж антэн і абсталяваньня будзе ісьці да восені", - расказаў ён.
З 22 па 25 красавіка 2015 года ў Менску праходзіць XXII Міжнародны спэцыялізаваны форум па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналёгіях "ТІБО-2015", які ўключае ў сябе выставу і кангрэс па тэхналёгіях інфармацыйнага грамадзтва. У выставе ўдзельнічаюць больш за 200 кампаній з 13 краін сьвету (Беларусь, Расея, Аўстрыя, Кітай, Японія, ЗША і інш.).
эб/ БЕЛТА