Logo Polskiego Radia
Print

Візавыя цэнтры пачнуць прыём дакумэнтаў не раней за 21 верасьня

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 17.09.2015 14:30
Хто зьбіраўся падаваць дакумэнты цяпер прымушаныя зьвяртацца ў амбасады.
pl.dreamstime.com

Візавыя цэнтры могуць пачаць прыём дакумэнтаў у панядзелак, 21 верасьня, але сказаць адназначна пра гэта ня могуць.

„Арыентуем людзей на панядзелак, але ці пачнём прыём, ня ведаем. Сёньня прыходзяць людзі за гатовымі дакумэнтамі”, - заявілі ў офісе візавых цэнтраў Летувы, Гішпаніі, Даніі й Грэцыі ў Менску на вуліцы Чыгуначнай, 33.

Тыя ж, хто зьбіраўся падаваць дакумэнты праз візавыя цэнтры, цяпер прымушаныя зьвяртацца ў амбасады. У сувязі з гэтым, напрыклад, у консульстве Летувы павялічылі магчымасьці разгляду хадайніцтваў удвая. Там адзначылі, што як толькі іх візавы цэнтар перабудуе працу й пачне прымаць консульскі збор у рублях, а не ў эўра, яны запрацуюць паўнавартасна. Пры гэтым пасольства будзе прымаць збор ў пасярэдніка толькі ў эўра, паведамляе tut.by.

Цяпер прадстаўнікі візавых цэнтраў кансультуюцца з Нацбанкам і іншымі інстанцыямі аб тым, якія ёсьць варыянты, каб пераводзіць збор у амбасады.

Між тым начальнік галоўнай управы валютнага рэгуляваньня й валютнага кантролю Нацбанку Анатоль Мароз заявіў, што заканадаўства Беларусі ня мае абмежаваньняў для візавых цэнтраў па куплі замежнай валюты для выкананьня сваіх абавязаньняў перад пасольствамі, а значыць, аб'ектыўных перашкодаў для паўнавартаснай працы візавых цэнтраў няма, паведамляе БелТА.

Прадстаўнік Нацбанку адзначыў, што беларускі рубель абавязковы да прыёму на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Зь ягоных слоў, калі б візавыя цэнтры й раней прадугледжвалі магчымасьць аплаты за візы як у замежнай валюце, так і ў рублях, то ніякіх складанасьцяў зь пераходам да новых правілаў працы ні ў каго не ўзьнікла б.

Нагадаем, ва ўсёй Беларусі візавыя цэнтры прыпынілі працу й перасталі прымаць дакумэнты ад кліентаў праз забарону на прыём замежнай валюты за консульскія зборы. Гэтае новаўвядзеньне было прынятае з пастановы Нацыянальнага банку і ўвайшло ў законнае дзеяньне 16 верасьня.

charter97.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт