Беларусь ня хоча расейскай авіябазы?
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
31.10.2015 09:54
Разьмяшчэньне расейскай базы на беларускай тэрыторыі будзе мець больш мінусаў, чым плюсаў - заявіў Лукашэнка.
фота: planetavvs.ru (архіў)
З ваеннага пункту гледжаньня разьмяшчэньне расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі ня трэба ні беларускаму, ні расейскаму боку. Пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на апэратыўным зборы каманднага складу Ўзброеных Сіл Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў мірны час у Беларусі ёсьць дзяжурныя сілы СПА, у складзе якіх маецца й расейскі кампанэнт. На аэрадроме ў Баранавічах штосутачна знаходзяцца беларускія экіпажы МіГ-29 і расейскіх Су-27. «Яны са сваёй задачай па ахове дзяржмяжы ў паветранай прасторы спраўляюцца, у тым ліку ў інтарэсах абароны Расейскай Фэдэрацыі», – сказаў беларускі лідар.
«Мы ня ўтойваем, што ў выпадку разьвязваньня ваеннай агрэсіі супраць Беларусі, лічы й супраць Расеі, будзе ўжытая сумесная рэгіянальная групоўка войскаў. А значыць, акрамя нашых Узброеных Сіл, па пляне, гэта таксама не сакрэт, у краіну будуць перакінутыя буйныя сілы расейскай арміі, у тым ліку значная колькасьць расейскай авіяцыі. Але ў выпадку канфлікту або насьпяваючага канфлікту », – падкрэсьліў Лукашэнка.
Кіраўнік краіны дадаў, што для гэтага аэрадромы ў Беларусі ўтрымліваюцца ў нармальным стане й гатоўнасьці прыняць сотні самалётаў, у тым ліку й Расейскай Фэдэрацыі для забесьпячэньня абароны Расеі й Беларусі.
«Гэта значыць паднятая шуміха ў сродках масавай інфармацыі носіць, я лічу, чыста палітычны характар», – заявіў Аляксандар Лукашэнка. На яго думку, у выпадку разьмяшчэньня расейскай базы на беларускай тэрыторыі Беларусь, як і Расея, будзе мець больш мінусаў, чым плюсаў.
БЕЛТА/яс