Logo Polskiego Radia
Print

«Справядлівы сьвет» пратэстуе супраць закрыцьця КПУ

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 18.12.2015 16:29
Партыя «Справядлівы сьвет» асуджае забарону на дзейнасьць Камуністычнай партыі Ўкраіны

Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» асуджае рашэньне аб забароне дзейнасьці Камуністычнай партыі Ўкраіны (КПУ). Пра гэта гаворыцца ў заяве бюро цэнтральнага камітэта арганізацыі.
Партыя «Справядлівы сьвет» перакананая, што рашэньне аб забароне КПУ «носіць не юрыдычны, а палітычна заказны характар і прымалася ня ў зале суда, а на самым версе ўкраінскай улады».

«Не лічачыся з нормамі нацыянальнага й міжнароднага права, украінскі правячы рэжым наносіць удары па дэмакратычнай арганізацыі на падставе надуманых абвінавачаньняў. КПУ заўсёды заклікала да зусім супрацьлеглага таму, на падставе чаго была забароненая, а менавіта: да канстытуцыйнага супраціўленьня «майданнай» уладзе, да захаваньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, уключаючы тэрыторыю Крыма, да спыненьня варожасьці й насільля, да роспуску любых ваенізаваных фарміраваньняў», – гаворыцца ў заяве.

На думку «Справядлівага сьвету», рашэньне аб забароне кампартыі «ў чарговы раз сьведчыць пра тое, што ўлады Ўкраіны, прыкрываючыся дэмакратычнай рыторыкай, адкрыта перасьледуюць уласных грамадзян за іх погляды і перакананьні, перашкаджаюць рэалізацыі правоў на свабоду думкі, слова й сьветапогляду, на свабоду абʼяднаньня ў палітычныя партыі й грамадзкія арганізацыі».

Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» заклікае ўсе дэмакратычныя партыі й арганізацыі сьвету «да шырокай кампаніі салідарнасьці з КПУ, рашучай падтрымкі яе права легальна й свабодна ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць». Адначасова арганізацыя перакананая, што нават ва ўмовах забароны камуністы Ўкраіны «знойдуць магчымасьць працягваць барацьбу за ідэалы свабоды й дэмакратыі, за законныя правы й інтарэсы працоўных Украіны», паведамляе БелаПАН.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт