Logo Polskiego Radia
Print

Статкевіч у гадавіну Плошчы памаліўся за ўсіх палітвязьняў

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 19.12.2015 14:37
"Я адчуваю адказнасьць за людзей, якія пайшлі за мной", – сказаў Статкевіч.
Foto: Kasia_Jot/flickr.com

Мікалай Статкевіч заявіў, што да гэтага часу адчувае боль і адказнасьць за ўсіх людзей, якія пайшлі за ім у 2010 годзе.

19 сьнежня палітык разам з жонкай Марынай Адамовіч і двума паплечнікамі наведалі Сьвята-Петрапаўлаўскі сабор на вуліцы Нямізе ў Менску, дзе, як паведаміў палітык, памаліліся за былых і цяперашніх палітвязьняў, якія пацярпелі за свабоду Беларусі, піша БелаПАН.

«Я адчуваю адказнасьць за людзей, якія пайшлі за мной, – сказаў Статкевіч. – Але калі мы хочам нешта зрабіць для Беларусі, мы павінны быць гатовыя да рызыкі, галечы й пакутаў».

У гэты дзень Статкевіча прывяло ў храм ня толькі жаданьне ўспомніць аб пацярпелых дэманстрантах, але й тое, што 19 сьнежня – дзень Сьвяціцеля Мікалая. Акрамя таго, па словах палітыка, 19 сьнежня – у Праваслаўнай царкве дзень малітвы за зьняволеных. «Таму памаліцца сёньня – мой духоўны абавязак», – сказаў ён.

Па словах Статкевіча, напярэдадні ў гэтай царкве быў замоўлены малебен за палітвязьняў, аднак на службе ён яго не пачуў. «На жаль, царква, верагодна, павінна была падпарадкавацца ўладзе», – сказаў ён.

Выбары прэзыдэнта 19 сьнежня 2010 году завяршыліся жорсткім разгонам апазыцыйнага мітынгу й арыштам актывістаў дэмакратычных сіл, у тым ліку палітыкаў, якія прэтэндавалі на пасаду кіраўніка дзяржавы.

БелаПАН/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт