Logo Polskiego Radia
Print

Да 2018 году электронная чарга запрацуе на 15 КПП Беларусі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 07.01.2016 11:17
Да канца лютага электронную чаргу ўвядуць у пункце „Берасьце” на мяжы з Польшчай.
Photo: Ministerio TIC Colombia/flickr/Commercial use allowed

Электронную чаргу плянуецца ўвесьці на 15 аўтадарожных пунктах пропуску празь дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь да канца 2018 году. Аб гэтым гаворыцца ў дадатку да пастановы Савета Міністраў нумар 1130 ад 31 сьнежня 2015 году, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.

Раней за ўсё - да 29 лютага 2016 году - электронную чаргу плянуецца ўвесьці ў пункце „Берасьце” на мяжы з Польшчай, а да 31 сьнежня 2016 году - у „Новай Рудні” на беларуска-ўкраінскай мяжы.

Да 31 сьнежня 2017 году электронная чарга зьявіцца ў пунктах: „Дамачава”, „Грыгораўшчына”, „Новая Гута”, „Беняконі”, „Бераставіца”, „Брузгі”, „Катлоўка” і „Прывалка”; да 31 сьнежня 2018 году: „Казловічы”, „Макраны”, „Пясчатка”, „Урбаны”, „Каменны Лог”.

Браніраваньне ў сыстэме электроннай чаргі месца для грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў, цягачоў і трактароў будзе каштаваць адну базавую велічыню, якая цяпер складае Br210 тыс.

Такая ж цана ўстаноўлена для іншых транспартных сродкаў у перадвыхадныя, перадсьвяточныя й выхадныя дні, дзяржаўныя сьвяты або сьвяточныя дні, устаноўленыя й аб'яўленыя ў адпаведнасьці з заканадаўствам нерабочымі.

У звычайныя дні для гэтай катэгорыі плата складзе 0,8 базавай. Пры гэтым плата спаганяецца за кожны транспартны сродак, месца для якога браніруе адна юрыдычная або фізычная асоба.

Па-за чаргой на пунктах, дзе пачне працаваць электронная сыстэма, будуць прапускацца, між іншым, фізычныя асобы, якія перамяшчаюцца па дакумэнтах аб сьмерці або цяжкім захворваньні блізкіх сваякоў, дзяржаўныя, урадавыя й парлямэнцкія дэлегацыі Рэспублікі Беларусь; спэцыяльныя транспартныя сродкі мэдыцынскай дапамогі, пажарнай аховы, аварыйна-выратавальных і іншых службаў; аўтобусы, якія выконваюць перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах.

Больш таго, гэтай ільготай будуць карыстацца й грузавыя транспартныя сродкі, якія перавозяць небясьпечныя й скорапсавальныя грузы або жывёл - пры наяўнасьці адпаведных дакумэнтаў. Па-за чаргой з зон чаканьня будуць прапускаць транспарт, што перавозіць труны з целамі або астанкамі памерлых.

belta.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт