Logo Polskiego Radia
Print

МВФ папярэджвае Беларусь аб магчымым дэфіцыце пэнсійнага фонду

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 21.06.2016 18:25
Паводле ацэнак МВФ да 2050 года дэфіцыт пэнсійнага фонду можа дасягнуць 7% ВУП.
pixabay.com/CC0 Public Domain

Нягледзячы на прынятыя рашэньні аб павышэньні пэнсійнага ўзросту, у будучыні ў пэнсійным фондзе Беларусі можа ўтварыцца дэфіцыт, заявіў кіраўнік місіі Міжнароднага валютнага фонду ў краіне Пітэр Долман.

Выступаючы з публічнай лекцыяй у галерэі партала tut.by, Долман канстатаваў, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў рэцэсіі, на краіну пастаянна ўплываюць «неспрыяльныя зьнешнія шокі», і каб пераадолець цяжкія часы, МВФ рэкамэндуе правесьці шэраг рэформаў. «Мы заклікаем правесьці глыбокія рэформы для стабілізацыі эканомікі й забесьпячэньня эканамічнага росту й росту дабрабыту ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве», – сказаў Долман. МВФ назірае сёньня больш высокую гатоўнасьць беларускіх уладаў праводзіць рэформы, чым раней, адзначыў ён.

У якасьці прыкладу ён прывёў сытуацыю ў пэнсійнай сфэры. Паводле ацэнак МВФ, якія паказаў на графіку Долман, да 2050 года дэфіцыт пэнсійнага фонду можа дасягнуць 7% ВУП, аднак у выніку абвешчанага ў Беларусі павышэньня пэнсійнага ўзросту ён можа скласьці 5% ВУП. «Дэфіцыт давядзецца кампэнсаваць альбо за кошт скарачэньня пэнсійных выплат, альбо за кошт бюджэтных субсідый», – сказаў прадстаўнік МВФ.

Пры гэтым ён адзначыў, што прынятыя беларускімі ўладамі рашэньні аб павышэньні пэнсійнага ўзросту «змогуць забясьпечыць раўнаважкі стан пэнсійнага фонду да 2022 года». «Згодна з нашымі ацэнкамі й разьлікамі, дзякуючы прынятым рашэньням у пэнсійнай сфэры пэнсійны фонд у найбліжэйшыя пяць-шэсьць гадоў будзе заставацца збалянсаваным, аднак затым з прычыны адмоўнай дэмаграфічнай дынамікі дэфіцыт усё ж такі будзе нарастаць», – заявіў Долман.

паводле белапан/вс


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт