БНФ зацьвердзіў сьпіс для вылучэньня кандыдатаў
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
16.07.2016 12:00
Аляксей Янукевіч адзначыў, што ўпершыню вылучае такую вялікую колькасьць кандыдатаў.
www.narodny.org
Палітычная камісіяй Партыі БНФ зацьвердзіла сьпіс кандыдатураў, якія будуць прапанаваныя зьезду Партыі БНФ для вылучэньня кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. У яго ўключана 71 асоба (яшчэ тры кандыдатуры рэкамэндаваныя ўмоўна і пытаньне пра іх вылучэньне будзе разгледжанае на Зьездзе асобна).
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што ўпершыню вылучае такую вялікую колькасьць кандыдатаў. “Я ўсьцешаны тым, што тактыка вылучэньня кандыдатаў БНФ пад уласным сьцягам знайшла водгук у рэгіянальных структурах: цяпер мы маем у сьпісе 71 асобу для вылучэньня, яшчэ некалькі кандыдатураў папярэдне падтрыманыя паліткамісіяй і да даты зьезда яны канчаткова вызначыцца са сваім вылучэньнем. Але ўжо можна казаць пра тое, што фронтаўскія кандыдаты будуць у больш чым 70 акругах, ва ўсіх абласьцях краіны і ў Менску," – сказаў Аляксей Янукевіч.
Пазачарговы XVII Зьезд Партыі БНФ па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў адбудзецца 23 ліпеня ў цэнтральнай сядзібе БНФ (Менск, вул. Чарнышэўскага, 3). Апроч вылучэньня кандыдатаў вышэйшы орган партыі разгледзіць палітычную сытуацыю і ўмовы вядзеньня выбарчай кампаніі, а таксама зацьвердзіць палітычную праграму кандыдата ад Партыі БНФ.
прэс-служба БНФ/ав