Алімпійскія гульні пакажуць у цэнтры Менска на вялікім экране
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
06.08.2016 11:50
Алімпіяду на экране будуць штодня паказваць з 12.00 да 22.00 ажно да закрыцьця мерапрыемства.
PAP/EPA/LUKAS SCHULZE
Алімпійскія гульні 2016 году ў Бразыліі пакажуць у Менску на вялікім экране. Яго ўсталююць на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра „Galleria Minsk” на праспэкце Пераможцаў. Экран будзе рэкордных памераў і сачыць за выступамі спартсмэнаў можна будзе нават з другога боку ракі Сьвіслач.
Трансьляцыя галоўнай спартыўнай падзеі году на гэтым экране пачнецца 6 жніўня каля 11.20 — з запісу цырымоніі адкрыцьця Гульняў. Затым можна будзе паглядзець трансьляцыі спаборніцтваў па розных відах спорту, найперш тых, дзе за мэдалі пазмагаюцца беларусы.
Алімпіяду на экране ў цэнтры Менска будуць штодня паказваць з 12.00 да 22.00 ажно да закрыцьця Гульняў 21 жніўня. Гук будзе трансьлявацца з дынамікаў, усталяваных побач з фантанам.
Цэнтар „Galleria Minsk”, які запусьціў гэты праект пры падтрымцы Менгарвыканкама, разьлічвае, што ў гэтым „алімпійскім” кінатэатры Гульні ў Рыё-дэ-Жанэйра паглядзіць 1 мільён чалавек.
Экран мае 24,6 мэтры ў шырыню і 13,1 мэтра ў вышыню, важыць болей за 30 тон. Выява на ім бачная за кілямэтар.
belapan.com/euroradio.fm/аз