Logo Polskiego Radia
Print

Назіральніца абскарджвае незаконнае затрыманьне

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 22.09.2016 14:41
Назіральніца Мая Навумава была затрыманая ў Менску ўвечары 11 верасьня пасьля закрыцьця выбарчага ўчастка.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Назіральніца Мая Навумава была затрыманая ўвечары 11 верасьня, пасьля закрыцьця выбарчага ўчастка №626 Каліноўскай акругі №108 г. Менска, разам з назіральнікам Леанідам Кулаковым.

Яе абвінавацілі ў расьпіваньні сьпіртных напояў, а пасьля затрыманьня склалі пратакол яшчэ і па арт. 23.4 КаАП "Непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню службовай асобы". Ноч назіральніца правяла ў РУУС, дзе яе некалькі разоў пераводзілі з камэры ў камэру. Таксама Маю Навумаву вазілі на мэдыцынскі агляд, але алькагольнага ап'яненьня зафіксавана не было. Калі назіральніца папрасілася і пайшла ў туалет, празь некаторы час туды ўварваўся супрацоўнік міліцыі, які абвінаваціў Маю ў тым, што тая хацела зьбегчы, заламаў ёй рукі і надзеў кайданкі.

12 верасьня судзьдзя Гарбатоўскі Ю. на выязным судовым пасяджэньні ўстанавіў віну Маі Навумавай ў непадпарадкаваньні, абапіраючыся на паказаньні міліцыянтаў, якія затрымлівалі - Атока Е. і Тыцык А. Хоць затрыманая сваю віну не прызнала і патлумачыла, што калі да яе падышлі міліцыянты і запатрабавалі прайсьці зь імі, яна пагадзілася, непадпарадкаваньня не аказвала. Аднак, суд пастанавіў прыцягнуць Маю Навумаву да адміністрацыйнай адказнасьці ў выглядзе арышту ў адны суткі, якія назіральніца ўжо адбыла.

З такім рашэньне суда Мая Навумава не пагадзілася і накіравала скаргу ў Мінскі гарадзкі суд з просьбай адмяніць пастанову і адправіць справу на новы разгляд. Таксама назіральніца зьвярнулася ў Сьледчы камітэт і прайшла мэдыцынскі агляд, каб зафіксаваць нанесеныя ёй цялесныя пашкоджаньні супрацоўнікамі міліцыі.

spring96.org/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт