Logo Polskiego Radia
Print

Заўтра ў Оршы будуць судзіць сябру БНФ

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 11.10.2016 14:27
Будуць судзіць Віталя Паўлава, якога абвінавачваюць у дробным хуліганстве, падчас мінулых парламенцкіх выбараў.
Віталь Паўлаў Віталь Паўлаў Photo: radyjo.net/Прэсслужба БПНФ

Разгляд справы пачнецца 12 кастрычніка ў 14.30 у судзе Аршанскага райна і горада Орша.

Віталь Паўлаў быў затрыманы 12 верасьня, на наступны дзень пасьля выбараў, калі ішоў на аршанскі чыгуначны вакзал, каб паехаць у Мінск на акцыю пратэсту. Двое міліцыянтаў змусілі актывіста сесьці ў міліцэйскую машыну і адвезьлі ў пастарунак. Там яго двойчы абшукалі і зьмясьцілі ў камэру часовага ўтрыманьня, а затым прапанавалі азнаёміцца з пратаколам аб адміністратыўным правапарушэньні па артыкуле 17.1 КаАП "Дробнае хуліганства".

Паводле пратаколу ў дзень галасаваньня 11 верасьня, на ўчастку № 5, дзе Віталь Паўлаў прысутнічаў у якасьці назіральніка, ён, нібыта, нецэнзурна лаяўся і абражаў старшыню камісіі Натальлю Вайцаховіч, за што быў выдалены з участка. Пры гэтым Паўлаву не дазволілі азнаёміцца з заявай, на падставе якой быў складзены пратакол.

Віталь Паўлаў сьцьвярджае, што ніякага правапарушэньня не ўчыняў, а адміністратыўны перасьлед стаўся вынікам ягонай спробы трапіць у Менск на вулічную акцыю «Патрабуем сапраўдных выбараў», якая адбылася 12 верасьня. Як паведаміў Віталь Паўлаў, ён рабіў заўвагі старшыні камісіі, якая перашкаджала назіраць за падлікам галасоў, аднак лаянкі і абразаў не выказваў, і з участка ніхто яго не выдаляў

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што лічыць справу супраць Віталя Паўлава праявай палітычнага перасьледу.

"Мы бачым, што часовыя паслабленьні, якія назіраліся ў часе выбарчай кампаніі, скончаныя. Шэраг адміністратыўных справаў супраць кандыдатаў, якія ўдзельнічалі ў масавых акцыях у часе агітацыйнай кампаніі, а таксама шматлікія выпадкі перасьледу назіральнікаў, зьяўленьне новых палітычных вязьняў – усё гэта сьведчыць пра намер уладаў закруціць гайкі, якія былі часова аслабленыя падчас самой кампаніі. Выпадак у Оршы зьяўляецца асабліва абуральным яшчэ і з той прычыны, што зьяўляецца прыкладам аднаўленьня бруднай практыкі гэтак званых "прэвэнтыўных арыштаў", калі актывістаў затрымліваюць напярэдадні масавых акцыяў.

Мы безумоўна будзем інфармаваць пра аднаўленьне гэтай практыкі нашых эўрапейскіх партнэраў, і ў першую чаргу паведамім пра гэта БДІПЧ АБСЭ, дзе зараз рыхтуюць канчатковую справаздачу па выніках назіраньня за выбарамі. Я ўпэўнены, што пасьлявыбарчыя рэпрэсіі знойдуць належную ацэнку ў высновах аўтарытэтных міжнародных інстанцыяў" – сказаў Аляксей Янукевіч.

Прэсслужба БПНФ/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт