Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь паднялася ў рэйтынгу Сусьветнага банка

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 26.10.2016 13:04
Краіна заняла 37-е месца ў новым дасьледаваньні «Вядзеньне бізнэсу – 2017: роўныя магчымасьці для ўсіх».
Foto: Pixabay.com/CC0


Беларусь заняла 37-е месца ў новым дасьледаваньні Сусьветнага банка «Вядзеньне бізнэсу – 2017: роўныя магчымасьці для ўсіх» (Doing Business – 2017). Павышэньне рэйтынгу Беларусі на сем пазыцый экспэрты Сусьветнага банка тлумачаць правядзеньнем шэрагу значных рэформаў.

У апублікаваным дасьледаваньні Беларусь увайшла ў дзясятку вядучых краін па правядзеньні рэформаў, спрыяльных для бізнэсу. Пры падрыхтоўцы дакладу былі ўлічаны рэформы ў пэрыяд з 2 чэрвеня 2015 года па 1 чэрвеня 2016 года. Беларусь ажыцьцявіла «чатыры значныя рэформы, якія спрашчаюць вядзеньне бізнэсу».

Гаворка ідзе, у прыватнасьці, аб спрашчэньні працэдур падлучэньня да сыстэмы электразабесьпячэньня за кошт укараненьня прынцыпу «аднаго акна», перадачы маёмасьці за кошт узмацненьня празрыстасьці й надзейнасьці сыстэмы кіраваньня зямельнымі рэсурсамі.

Новае дасьледаваньне Сусьветнага банка таксама ўлічвае крокі беларускіх уладаў па ўмацаваньні абароны правоў мінарытарных інвэстараў, якія гарантуюць прававую абарону ў тых выпадках, калі апэрацыі зьвязаных бакоў прычыняюць кампаніі шкоду, і якія робяць больш жорсткімі патрабаваньні да карпаратыўнай празрыстасьці.

У 2011 годзе Беларусь займала ў дасьледаваньні 91-е месца. Раней улады ставілі задачу ўвайсьці ў трыццатку найбольш прывабных краін па ўмовах вядзеньня бізнэсу.

Варта адзначыць, што Расея ў новым рэйтынгу саступае Беларусі, хоць і паднялася за год з 51-га на 40-е месца.

БелаПАН/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт