Logo Polskiego Radia
Print

Мінюст хоча тлумачэньняў удзелу Лябедзькі ў несанкцыянаванай акцыі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 28.11.2016 14:18
Палітык адзначыў, што міністэрства вельмі даўно такім чынам не рэагавала на несанкцыянаваную вулічную актыўнасьць.
Старшыня АГП Анатоль ЛябедзькаСтаршыня АГП Анатоль Лябедзькаwww.ucpb.org

Міністэрства юстыцыі запытала ў Абʼяднанай грамадзянскай партыі тлумачэньні ў сувязі з удзелам яе старшыні Анатоля Лябедзькі ў несанкцыянаванай акцыі 7 лістапада ў Менску ля сьцен КДБ. Пра гэта палітык паведаміў БелаПАН.

Па словах старшыні АГП, датаваны 23 лістапада ліст на яго імя падпісаны намесьнікам міністра юстыцыі Ігарам Тушынскім.

Лябедзька адзначыў, што міністэрства вельмі даўно такім чынам не рэагавала на несанкцыянаваную вулічную актыўнасьць. «Калісьці такія лісты былі, але складана нават успомніць, калі дакладна – у пэрыяд найбольшага ціску на апазыцыю й ня самых лепшых адносінаў з Захадам, – дадаў ён. – Але для сёньняшняга часу такая пазыцыя міністэрства мне незразумелая. Я думаю, што гэта ініцыятыва не Мінюста, а, хутчэй за ўсё, яго «куратараў».

Старшыня АГП лічыць зьяўленьне ліста фактам ціску на арганізацыю. «Мы ўжо накіравалі адказ, у якім сказана, што партыя не прымала ад свайго імя рашэньня аб арганізацыі акцыі, нікога туды не дэлегавала, а я асабіста, выкарыстоўваючы сваё права на мірныя сходы, прыняў у ёй удзел», – адзначыў Лябедзька.

У сваім адказе прадстаўнікі арганізацыі таксама падкрэсьлілі, што Мінюст, згодна з заканадаўствам аб палітычных партыях, павінен садзейнічаць іх працы. «Ні адна з нашых заяў на правядзеньне пікетаў за апошні час не была задаволена. Таму мы просім сустрэчы ў Мінюсьце, гатовыя сесьці й пагаварыць з намесьнікам міністра аб тым, чаму Мінюст не выконвае тое, што замацавана за ім у заканадаўстве аб палітычных партыях», – падкрэсьліў лідар АГП.

Акцыя апазыцыі 7 лістапада ў Менску працягвалася каля паўгадзіны. Яе ўдзельнікі (каля 20 чалавек) стаялі на прыступках будынка КДБ з лямпадамі й партрэтамі ахвяраў савецкіх рэпрэсій і зьніклых палітыкаў. Як паведамлялася, 28 лістапада Лябедзька аштрафаваны судом Цэнтральнага раёна сталіцы за ўдзел у гэтым пікеце на 50 базавых велічынь (1.050 рублёў). Таксама чакаюцца рашэньні суда ў дачыненьні да яшчэ двух удзельнікаў акцыі – сустаршыні аргкамітэта па стварэньні партыі» Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталя Рымашэўскага й старшыні руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча.

naviny.by/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт