У Беларусі прыведзены ў выкананьне яшчэ адзін сьмяротны прыгавор
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
01.12.2016 16:53
Гэта ўжо трэцяе пакараньне, пра якое стала вядома за апошнія тры дні.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.pixabay.com/Public Domain CC0
У Беларусі прыведзены ў выкананьне яшчэ адзін сьмяротны прыгавор — расстраляны 49-гадовы Генадзь Якавіцкі, неаднаразова судзімы, прызнаны вінаватым у забойстве сваёй сужыцелькі з асаблівай жорсткасьцю. Гэта ўжо трэцяе пакараньне, пра якое стала вядома за апошнія тры дні.
Як паведаміў каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня" Андрэй Палуда, сваякі Якавіцкага атрымалі зь Менскага абласнога суда дакумэнт, у якім паведамляецца, што ён быў расстраляны 5 лістапада.
"Паводле нашай папярэдняй інфармацыі, усе трое — Генадзь Якавіцкі, Іван Кулеш і Сяргей Хмялеўскі — былі расстраляныя ў адзін дзень, — сказаў Палуда.
За апошнія 20 гадоў у Беларусі пакарана больш за 400 чалавек. Толькі адзін з асуджаных да сьмяротнага пакарання за гэты час быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам.
БелаПан/яс