Справа менскіх Antifa перададзеная ў суд
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
07.01.2017 19:37
Футбольным фанатам пагражае да 10 гадоў турмы
Фота: vk.com/nasaspravavk.com/nasasprava
Справа менскіх удзельнікаў руху Antifa, якая цягнецца ўжо больш за два гады, перададзена ў суд. Маладых людзей абвінавачваюць у хуліганстве за бойку з ультраправымі футбольнымі фанатамі. Аднаго з абвінавачаных таксама будуць судзіць за кіраўніцтва незарэгістраванай арганізацыяй – паведамляе інфармагенцтва БелаПАН.
29 чэрвеня 2014 году непадалёк ад гандлёвага цэнтра Maximus фанаты футбольнага клюбу «Партызан», якія прытрымліаюцца ўльтралевых поглядаў, на некалькіх машынах блякавалі тралейбус, у якім знаходзіліся фанаты клюбу «Тарпеда», вядомыя сваімі ўльтраправымі поглядамі. «Разьбіўшы ў тралейбусе шкло й пашкодзіўшы корпус, хуліганы распылілі сьлезацечны газ, пасьля чаго схаваліся», – паведамляла тады міліцыя.
Галоўнае ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй затрымала шасьцярых маладых людзей. Чацьвёра зь іх знаходзяцца пад вартай. Частцы зь іх прад’яўлена абвінавачаньне ў асабліва злосным хуліганстве, за што маладзёнам можа пагражаць да 10 гадоў турмы.
Паплечнікі арыштаваных футбольных фанатаў лічаць справу палітычна матываванай. Справа перададзеная ў суд Першамайскага раёну Менска, але дата першага паседжаньня пакуль невядомая.
Naviny.by/ап