Чарговыя перамовы з Летувой аб БелАЭС заплянаваныя на першы квартал
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
12.01.2017 16:21
Адначасова ідуць два перагаворныя працэсы з Летувой з нагоды Беларускай АЭС.
Ілюстрацыйны здымакpixabay.com/Public Domain CC0
Чарговы, трэці па ліку, раўнд перамоваў з Летувой аб бясьпецы Беларускай АЭС заплянаваны на першы квартал бягучага года, паведаміла 12 студзеня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску першы намесьнік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Ія Малкіна.
Адказваючы на пытаньне БелаПАН, чыноўніца адзначыла, што адначасова ідуць два перагаворныя працэсы з Летувой з нагоды Беларускай АЭС. Першы зьвязаны з абмеркаваньнем праблемных пытаньняў будаўніцтва, другі - з абмеркаваньнем праекта беларуска-летувіскага пагадненьня згодна Канвэнцыі Эспо у частцы ацэнкі ўзьдзеяньня станцыі на навакольнае асяродзьдзе ў трансгранічным кантэксьце пасьля ўвядзеньня АЭС у эксплюатацыю.
"Што датычыцца другога, то ў нас прайшло два раунды, і трэцяя сустрэча была заплянавана на студзень 2017 году (раней паведамлялася аб канцы кастрычніка 2016 года. - БелаПАН.). Што тычыцца першага, то таксама прайшло два раўнды перамоваў, трэці мы заплянавалі на першы квартал 2017 года. Я не выключаю, што гэтыя два працэсы аб'яднаюцца ў адзін, - сказала Малкіна. - Ці абмяркоўваецца пляцоўка для перамоў - горад Вільня. Мы сустракаемся на прынцыпах ратацыі".
Першы намесьнік міністра паведаміла, што ў пачатку студзеня 2017 года Менск накіраваў ліст пра гатоўнасьць "прыняць найбольш зручную для Летувы дату, каб сустрэцца для абмеркаваньня пытаньняў, якія знаходзяцца ў зоне падвышанай увагі".
БелаПАН/ав