У Курапатах працягваецца супрацьстаяньне паміж актывістамі і будаўнікамі
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
22.02.2017 11:20
Кругласутачнае дзяжурства актывістаў каля будоўлі ў раёне Курапатаў пачалося раніцай 20 лютага.
phota: www.radyjo.net/A.Папко
Каля ўрочышча Курапаты працягваецца супрацьстаяньне паміж грамадзкімі актывістамі і будаўнікамі бізнэс-цэнтра.
Маладзёжныя актывісты працягваюць кругласутачнае дзяжурства каля будаўнічай пляцоўкі. «Сёньня раніцай спынілі тры машыны з будаўнічымі матэрыяламі, не далі ім заехаць на пляцоўку», - паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.
Былы палітвязень Эдуард Пальчыс разьмясьціў у сваім Фэйсбуку відэа, на якім адзін з лідэраў "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч ўстаў перад аўтакранам, не прапускаючы яго на будпляцоўку.
Кругласутачнае дзяжурства маладзёжных актывістаў каля будоўлі ў раёне Курапатаў пачалося раніцай 20 лютага – на тэрыторыі будпляцоўкі была разьбіта палатка. Раніцай 21 лютага будаўнікі сілай выпіхнулі абаронцаў Курапатаў з будоўлі і разграмілі палатку. Актывісты падазраюць, што сярод будаўнікоў былі пераапранутыя сілавікі.
Пяціпавярховы бізнэс-цэнтр з парковачнай зонай і магазынам на першым паверсе ўзводзіць на скрыжаваньні вуліцы Мірашнічэнкі і Мінскай кальцавой аўтадарогі ТАА «Белрэканструкцыя» па замове кампаніі «КІПрэканструкцыя». Праект павінен быць завершаны да 28 лютага 2018 года.
Прадстаўнікі грамадзкасьці і частка мясцовых жыхароў лічаць, што праект бізнэс-цэнтра парушае мяжу ахоўнай зоны месца масавага пахаваньня ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Курапатах.
БелаПАН/яс