Беларусь паставіць у Зымбабвэ абсталяваньне для здабычы дыямэнтаў
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
28.02.2017 17:02
Коштам абсталяваньня для здабычы дыямэнтаў зь кімбэрліту складзе 30 млн даляраў.
Photo: pixabay
Зымбабвійская дзяржаўная Кансалідаваная алмазная кампанія (ZCDC) у хуткім часе атрымае зь Беларусі абсталяваньне для здабычы дыямэнтаў з кімбэрліту коштам 30 млн даляраў, перадае заяву кіраўніцтва кампаніі зымбабвійская The Herald. У Зымбабвэ чакаюць беларускіх экспэртаў для зборкі абсталяваньня.
Як сьцьвярджае выданьне, гэта адна зь некалькіх дамоваў, у межах якіх Беларусь падтрымлівае вытворчы сэктар Зымбабвэ.
У 2014 годзе Зымбабвэ купіла ў Беларусі кар’ерную тэхніку БелАЗ на амаль 12,5 млн даляраў, у іншыя гады экспарт у Зымбабвэ складаў ад 104 тысяч даляраў да 1,26 млн.
Зымбабвэ вырашыла нацыяналізаваць здабычу алмазаў у пачатку 2016 году, аб’яднаць кампаніі галіны ў адну — Зымбабвійскую дзяржаўную Кансалідаваную алмазную кампанію. У выніку здабыча каштоўных камянёў упала на 62% праз суды з кампаніямі й шахцёрамі, якія процістаялі рашэньню ўраду. У студзені 2017 году дзяржкампанія вяла перамовы зь мясцовымі банкамі аб выдачы крэдытаў аб’ёмам да 300 млн даляраў на закупку абсталяваньня.
svaboda.org/аз