Сьвятлана Алексіевіч пра Курапаты: «Маўчаць сорамна»
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
01.03.2017 13:02
"Здрадзіць Курапатам для нас, беларусаў, гэта як згубіць гісторыю, сваё мінулае".
Сьвятлана Алексіевічscreen shot/radyjo.net
Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры 2015 года Сьвятлана Алексіевіч пракамэнтавала для «Нашай Нівы» супрацьстаяньне ў Курапатах, якое працягваецца ўжо другі тыдзень.
«Улады ўсё больш губляюць давер людзей. Здрадзіць Курапатам для нас, беларусаў, гэта як згубіць гісторыю, сваё мінулае. Гэтага нельга дапусьціць. Я вельмі рада, што ў Курапатах столькі маладых людзей. Мы знайшлі новае палітычнае пакаленьне, нарэшце яно загаварыла».
Пісьменьніца сказала, што «няправільна ставіць пытаньне, ці атрымаецца ў «іх» адстаяць Курапаты. Трэба казаць, ці атрымаецца ў «нас». Калі б такое было ў Варшаве, то ўся Варшава была б у Курапатах, калі б у Вільні – то ўся Вільня была б у Курапатах. Людзей, канешне, больш, чым раней, але гэта моладзь. Хацелася б, каб прачнулася грамадзтва. Гэта такая сфэра, дзе сорамна маўчаць».
«Я была вельмі рада, калі бачыла фотаздымкі з акцый пратэсту супраць дэкрэту №3. Было прыемна, што акцыі выкідваюць наверх новыя асобы, твары. Гэта было радасна. Уладзе не хапае розуму, што нельга ставіць сябе папярок часу, грамадзтва. Наша ўлада не адпавядае выклікам часу. А вось грамадзтва сасьпявае для гэтага», – гаворыць Сьвятлана Алексіевіч.
Наша ніва/ав