«Марш недармаедаў» у Слоніме сабраў некалькі соцень людзей
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
19.03.2017 15:34
Людзі абураныя тым, што за апошнія гады ў горадзе закрыўся шэраг прадпрыемстваў.
Пратэст у Слонімафота: Радыё Рацыя
У нядзелю, 19 сакавіка, у Слоніме праходзіць акцыя пратэсту супраць дэкрэту №3. Яе арганізатарам выступае Слонімская кааліцыя дэмакратычных арганізацый, у якую ўваходзяць палітычныя партыі, рухі і ініцыятывы. Людзі абураныя тым, што за апошнія гады ў горадзе закрыўся шэраг прадпрыемстваў: аўтарамонтны завод, «Тэкстыльнік», «Пух-пяро», «Сельгастэхніка», іншыя прадпрыемствы істотна скарачаюць супрацоўнікаў. Удзел у мерапрыемстве прыняло некалькі соцень людзей.
На плошчы іх сустрэў старшыня райвыканкама Алег Таргонскі і раённыя чыноўнікі. Падчас рэзкай гутаркі ўдзельнікі яму прыгадалі, як на прадпрыемствах запалохвалі тых, хто зьбіраўся ўдзельнічаць у маршы, пагражалі выгнаць з працы. Старшыня Слонімскага райвыканкама папрасіў усіх, хто будзе мець на працы праблемы пасьля акцыі, зьвяртацца асабіста да яго. «Чулі? Нічога не бойцеся», – гучна абвясьціў у мэгафон актывіст Сяргей Марчык.
Паводле словаў старшыні райвыканкама, у раёне было разаслана каля 1,5 тысячы «лістоў шчасьця» пра выплату падатку за дармаедзтва.
Людзі патрабавалі працы, Таргонскі казаў, што гатовы да кампрамісу, але «ня трэба заробак называць палучкай» і «каля аднаго веніка па пяць чалавек стаяць не будзе, а грошы трэба зарабіць». У прыватнасьці, ён сказаў пра перамовы з Астравецкім раёнам наконт працы слонімцаў на будаўніцтве Астравецкай АЭС.
«Ды ўсе бягуць з той АЭС! Колькі там заробіш!» – рэагавалі людзі.
Пасьля слова ўзяў адзін з удзельнікаў мітынгу, былы работнік аднаго з аўтапаркаў. «Старшыня нам работы не дасьць, у яго яе няма, – сказаў ён і адзначыў, што трэба проста адмяніць Дэкрэт №3. – І хай наша ўлада будзе ініцыятарам гэтага».
«Адмяніць! Адмяніць!» – скандавалі людзі.
Маршу ў Слоніме папярэднічала масавае застрашваньне людзей. Міліцыя езьдзіла на прадпрыемствы й засьцерагала людзей ад удзелу. Дзяржаўныя СМІ таксама зьнялі шэраг праграм, у якіх выстаўлялі ўдзельнікаў пратэстаў ворагамі народу.
nn.by/вс