Logo Polskiego Radia
Print

У маёнтку Агінскіх пачаўся другі этап рэканструкцыі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 12.05.2017 17:58
Ідзецца пра ўпарадкаваньне атачэньня сядзібы: палацавага парку і возера.
Foto: commons.wikimedia.org/CC BY-SA 4.0

У 2015-м годзе ў маёнтку Агінскіх, што ў мястэчку Залесьсе на Смаргоншчыне, да 250-гадовага юбілею гаспадара – кампазытара, дыплямата, паўстанца Міхала Клеафаса – аднавілі палац, адбудавалі страчаныя фрагмэнты сядзібы, абсталявалі музэйную экспазыцыю.

Цяпер пачаліся працы па ўпарадкаваньні навакольля – старажытнага парку і возера, якія таксама лічацца гісторыка-культурнай спадчынай.

Паводле слоў кіраўніка Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Краўцова, ёсьць дамоўленасьць наконт фінансаваньня гэтых прац з Банку разьвіцьця.

Пачаліся мэліярацыйныя працы. Разабралі дамбу і спусьцілі ваду з возера, пачалася чыстка дна.

У плянах ня толькі рамонт гідратэхнічных збудаваньняў, мэталічных і бэтонных масткоў над дамбамі, а яшчэ аднаўленьне страчанага мосту да Лебядзінага астраўка ў цэнтры возера. Пра гэта распавяла аўтарка праекту рэканструкцыі Людміла Іванова.

Таксама мяркуецца ўпарадкаваць абодва паркі – ангельскі пэйзажны і рэгулярны францускі. У першым адновяць алею праз сад, дарожкі, малыя архітэктурныя формы, лаўкі і масткі, зробяць клюмбы з кветкамі. Другі кампазыцыйна зьвяжуць з з палацам, адновяць газоны, кусты і дрэўцы. Усе будзе зроблена ў форме простакутніка з геамэтрычнымі ўзорамі.

Паводле Радыё «Свабода»/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт