Logo Polskiego Radia
Print

У Менску пачалі разбураць пасёлак Трактарнага завода

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 29.06.2017 15:29
Гісторыкі, архітэктары й турфірмы беспасьпяхова спрабавалі ўнесьці забудову канца 40-х гадоў у сьпіс гісторыка-культурнай спадчыны.
Фота: інфармагенцтва БелаПАНФота: інфармагенцтва БелаПАНnaviny.by

У Менску пачалі зносіць двухпавярховыя дамы ў адным з кварталаў пасёлка Трактарнага завода. Прадстаўнікі грамадзкасьці беспасьпяхова спрабавалі ўнесьці комплексную забудову канца 40-х гадоў у сьпіс гісторыка-культурнай спадчыны – перадае інфармагенцтва БелаПАН.

Ужо разбураны будынак былога дзіцячага сада. Да канца лета ў межах вуліц Стаханаўскай, Чабатарова, Шчарбакова й Клумава павінна быць зьнесена яшчэ дзесяць двухпавярховых дамоў. На іх месцы пабудуюць шматпавярховыя жылыя будынкі.

Два тыдні таму прадстаўнікі турыстычнага бізнэсу зьвярнуліся да ўладаў з просьбай не зьнішчаць пасёлак. Яны запрапанавалі стварыць на базе Трактарнага гарадка музэй-запаведнік савецкай эпохі, а таксама цэнтар па вывучэньні гісторыі й культуры БССР. На думку заяўнікаў, гэта магло б прыцягнуць больш замежных турыстаў у горад і прынесьці дадатковы прыбытак у гарадзкі бюджэт.

У абарону пасёлка падпісалася больш за тысячу беларусаў. Групы грамадзкіх актывістаў, гісторыкаў і архітэктараў таксама падавалі заяўкі ў Міністэрства культуры з просьбай унесьці фрагмэнты Трактарнага гарадка ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, але гэтыя заявы былі адхіленыя.

БелаПАН/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт