Logo Polskiego Radia
Print

Улады Менска запрашаюць усіх апрануць вышыванкі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 01.07.2017 14:55
У сталіцы Беларусі адбудзецца «Дзень вышыванкі» - маштабнае сьвята нацыянальнай культуры.
www.gants.by

2 ліпеня на пляцоўцы перад Палацам спорту ўлады Менска правядуць маштабнае сьвята «Дзень вышыванкі» – перадае афіцыйнае інфарамгенцтва БЕЛТА.

А 13.30 у цэнтры Менска пачнецца арт-парад «Пад сьцягам з вышыванкай», у якім прымуць удзел аркестры, фальклёрныя калектывы, школы танцаў, тэатры, а таксама прадстаўнікі папулярных субкультураў. На «Дні вышыванкі» выступяць скейтбардысты, ролеры, хіп-хопэры, мастакі бодзі-арту, рок-групы, прадстаўнікі рыцарскіх клюбаў і нават байкеры.

На пляцоўцы ля Палаца спорту разгорнецца выстава-продаж вырабаў майстроў народных промыслаў і кірмаш беларускай нацыянальнай кухні. Адбудзецца дэфіле мадэляў у сучасных касьцюмах з элемэнтамі вышыванкі.

Арганізатары акцыі прапануюць 2 ліпеня ўсім жыхарам краіны не заставацца абыякавымі да сьвята й выкарыстоўваць аксэсуары з нацыянальным беларускім арнамэнтам. А на пляцоўцы каля Палаца спорту адбудзецца флэш-моб «Пацалунак у вышыванцы». У ім змогуць паўдзельнічаць усе жадаючыя, каб прадэманстраваць самы масавы пацалунак у годзе.

Мэта акцыі – падкрэсьленьне «сваёй нацыянальнай ідэнтыфікацыі праз беларускую культуру, традыцыі, беларускі арнамэнт» – перадае БЕЛТА.

Belta.by/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт