На вуліцы Марка Шагала зьявіліся ягоныя ўспаміны
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
08.07.2017 07:11
Платы ўздоўж Пакроўскай вуліцы аздобілі цытатамі зь літаратурных твораў мастака.
Foto: belta.byFoto: belta.by
Так у Віцебску азначаюць 130-ыя ўгодкі мэтра.
Дзяцінства Марка Шагала прайшло ў Віцебску. Але ня ўсе ведаюць, што Марк Шагал займаўся і літаратурнай творчасьцю. У кнізе ўспамінаў «Маё жыцьцё» ён згадваў: «Удзень і ўночы я складаў вершы. Іх хвалілі…»
Розныя цытаты з гэтай кнігі й знайшлі візуальнае ўвасабленьне на вуліцы, дзе сёньня месьціцца дом-музэй Шагала. «Цытавалі» мэтра юныя віцебскія мастакі: расьпісваць платы даверылі студэнтам і вучням мастацкіх школ.
Яны ж зрабілі крэйдай і малюнкі ў «шагалаўскім» стылі – з фантастычнымі жывёламі і краявідамі Віцебску.
7 ліпеня, у дзень народзінаў Шагала, адбылася ня толькі прэзэнтацыя росьпісаў. Па Пакроўскай вуліцы прайшло тэатралізаванае шэсьце, а на падворку дома-музэя Марка Шагала было арганізавана сьвята «Ў гасьцях у Марка і Бэлы».
Паводлe Рaдыё «Свабода»/юл