Logo Polskiego Radia
Print

Віетнамца, які адшукваўся праз Інтэрпол, экстрадавалі з Менска

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 29.09.2017 13:12
На радзіме ён абвінавачваецца ў наўмысным прычыненьні цялесных пашкоджаньняў.
interpol.int

Генэральная пракуратура Беларусі задаволіла просьбу ўладаў Віетнама аб выдачы грамадзяніна гэтай краіны, паведаміла прэс-служба МУС.

Жыхар Віетнама 1996 года нараджэньня быў абвешчаны ў міжнародны вышук. На радзіме ён абвінавачваецца ў наўмысным прычыненьні цялесных пашкоджаньняў і нанясеньні шкоды здароўю. Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, малады чалавек быў у ліку асоб, якія напалі з нажамі і палкамі на юнака 1998 года нараджэньня ў правінцыі Нінх Бінх. Інцыдэнт адбыўся ў 2015 годзе, пацярпелы атрымаў траўмы галавы і тулава.

Вясной 2017 года фігурант быў затрыманы ў Менску. 28 верасьня ён перададзены віетнамскаму канвою.

Як паведаміў намесьнік начальніка Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола Аляксандр Цімашэнка, з пачатку года Беларусь экстрадавала сем замежнікаў, якія адшукваліся па лініі Інтэрпола. У сваю чаргу рэспубліцы выдадзена 10 затрыманых за мяжой беларусаў, якіх адшуквалі з дапамогай гэтай арганізацыі.

belapan.com/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт