Logo Polskiego Radia
Print

Палітвязьня Міхаіла Жамчужнага пакуль не перавядуць у турму

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 24.10.2017 08:45
Суд па гэтай справе не адбудзецца, паколькі «адпалі падставы».
Фота: svaboda.orgФота: svaboda.org

На мінулым тыдні стала вядома, што 24 кастрычніка, прызначаны судовы працэс па пераводзе палітвязьня Міхаіла Жамчужнага на турэмны рэжым зьняволеньня. Прадстаўленьне ініцыявала адміністрацыя калёніі №9 г. Горкі, дзе зараз утрымліваецца вязень.

23 кастрычніка Праваабарончы цэнтр «Вясна» атрымаў інфармацыю, што суд не адбудзецца, паколькі «адпалі падставы». Падрабязнасьцямі на дадзены момант праваабаронцы не валодаюць.

Варта нагадаць, што 10 кастрычніка была спроба правесьці судовы працэс над Міхаілам Жамчужным падчас выязнога паседжаньня ў калёніі №9, аднак палітвязень запатрабаваў забесьпячэньня права на абарону і ўдзелу ў судзе адваката, зь якім у яго заключаная дамова.

Пасьля таго, як стала вядома дата суда над Міхаілам Жамчужным, праваабаронцы з ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч і Павел Сапелка зьвярнуліся ў суд Горацкага раёна з просьбай аб забесьпячэньні магчымасьці іх прысутнасьці ў судовым паседжаньні. Аналягічныя звароты з патрабаваньнем аб правядзеньні адкрытага судовага паседжаньня былі станоўча разгледжаныя судом Барысаўскага раёна падчас папярэдняй спробы перавесьці Міхаіла Жамчужнага на турэмны рэжым зьняволеньня ў красавіку бягучага года (тады яе ініцыявала адміністрацыя калёніі ў Навасадах, дзе на той момант утрымліваўся палітвязень). Тады суд разглядаў справу ў адкрытым судовым паседжаньні, у выніку адміністрацыя адклікала сваё прадстаўленьне аб пераводзе вязьня ў турму і вытворчасьць па справе была спыненая. У верасьні кіраўнік ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі зьвяртаўся ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў з патрабаваньнем прыняць неадкладныя меры па забесьпячэньні Міхаілу Жамчужнаму тых умоваў адбыцьця пакараньня, пры якіх бы яму гарантаваліся бясьпека і захаваньне асноўных правоў і свабодаў.

spring96.org/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт