Генадзю Фядынічу не дазволілі выехаць у Жэнэву на сустрэчу прафлідараў
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
10.11.2017 17:59
Прафсаюзнаму дзеячу выехаць за мяжу не дазволіў Сьледчы камітэт.
Старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядынічфота: Радыё Рацыя
Сьледчы камітэт адмовіў старшыні незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзю Фядынічу ў выезьдзе за мяжу. Фядыніч быў запрошаны ў Жэнэву на міжнародную сустрэчу прафсаюзных лідараў.
Генадзь Фядыніч знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе па крымінальнай справе аб нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры.
Паводле прафсаюзнага дзеяча, падчас яго візыту ў Сьледчы камітэт прычыну адмовы яму не назвалі. Фядыніч не выключае, што прычына называецца ў адказе міжнароднаму аб'яднаньню прафсаюзаў рабочых прамысловасьці IndustriALL, які абʼядноўвае 50 мільёнаў чалавек у 140 краінах. Менавіта гэтая арганізацыя запрашала Генадзя Фядыніча ў Жэнэву.
У лісьце ў Сьледчы камітэт за подпісам генэральнага сакратара Вальтэра Санчэса абʼяднаньне IndustriALL гарантавала своечасовае вяртаньне Фядыніча ў Беларусь.
Тым часам сьледзтва ў дачыненьні да Генадзя Фядыніча й бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комлік працягваецца. «Ідуць сьледчыя дзеяньні. Асабіста я бываю ў сьледчых, як мінімум, раз у тыдзень, але камэнтаваць нічога не магу, бо даваў падпіску пра неразгалошваньне», – адзначыў Генадзь Фядыніч.
naviny.by/вс