Ёлачныя базары ў Менску пачнуць працаваць 22 сьнежня
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
22.11.2017 18:40
Кошты на ялінкі будуць адрозьнівацца ў залежнасьці ад вышыні дрэва.
pixabay.com/Public Domain CC0
22 сьнежня ў Менску адчыняцца ёлачныя базары, інфармуе агенцтва БелТА са спасылкай на галоўнае ўпраўленьне спажывецкага рынку Менгарвыканкама.
Такія кірмашы будуць працаваць ва ўсіх раёнах сталіцы па 31 сьнежня. Кошты на ялінкі будуць адрозьнівацца ў залежнасьці ад вышыні дрэва. Паводле папярэдняй інфармацыі, ялінка вышынёй да 1 м будзе каштаваць 10-22 руб., ад 1 м да 2 м – 11,5-26 руб. Самыя высокія ялінкі – ад 2 м да 3 м – абыдуцца ў 15-30 рублёў.
У крамах прадаюцца ўжо штучныя ялінкі. Самыя меншыя ялінкі (да 50 см) каштуюць 3,65-8,30 руб., за ялінкі да 1 м давядзецца выкласьці з кішэні 10,3-39 руб, за ялінку да 2 м – 22,14-299,7 руб. Ялінка да 3 м каштуе ад 128 да 347,65 руб, а яшчэ вышэйшая – да 500 руб.
Таксама з 15 сьнежня па 15 студзеня ў Менску будуць працаваць гандлёвыя рады «Калядны кiрмаш» на Кастрычніцкай плошчы й каля Палаца спорту па праспэкце Пераможцаў. Там можна будзе купіць навагоднія падарункі й ёлачныя ўпрыгожаньні. Акрамя таго, можна будзе паласавацца гарачымі блінамі, шашлыкамі, дранікамі, сьвежай выпечкай, гарачым шакалядам і глінтвэйнам.
А 23 сьнежня на праспэкце Пераможцаў пройдзе кірмаш «Калядная зорка».
эўрарадыё/вс