Logo Polskiego Radia
Print

Кандыдаты ў мясцовыя дэпутаты абавязаны дэкляраваць даходы за 2016 год

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 12.12.2017 15:13
Пра гэта паведамілі сёньня, 12 сьнежня, на пасяджэньні Цэнтрвыбаркаму Беларусі.
Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Кандыдаты ў дэпутаты на выбарах у мясцовыя Саветы 28-га скліканьня павінны будуць прадставіць дэклярацыі аб даходах за 2016 год. Пра гэта паведамілі сёньня, 12 сьнежня, на пасяджэньні Цэнтрвыбаркаму Беларусі.

Кандыдаты ў дэпутаты абласных, Менскага гарадзкога, раённых і гарадзкіх, гарадоў абласнога падпарадкаваньня саветаў маюць абавязак у адпаведнасьці з заканадаўствам дэкляраваць свае даходы й маёмасьць пры вылучэньні на выбарную пасаду.

Сёньня на пасяджэньні Цэнтрвыбаркаму была прынятая пастанова, у якой утрымліваецца палажэньне аб тым, што кандыдаты павінны дэкляраваць свае даходы за 2016 год, а не за 2017-ы.

Гэта зьвязана з тым, што вылучэньне кандыдатаў на мясцовых выбарах было распачатае ў сьнежні 2017 году й скончыцца 8 студзеня 2018 году. Таму ЦВК лічыць няслушным становішча, калі адны кандыдаты дэкляруюць свае прыбыткі за 2016 год, а іншыя – за 2017-й.

Як было адзначана на пасяджэньні, у Выбарчым кодэксе Беларусі замацаваны прынцып роўнасьці ўсіх удзельнікаў выбарчага працэсу, у тым ліку – кандыдатаў у дэпутаты.

белта/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт