Logo Polskiego Radia
Print

„МТС” плянуе запусьціць 4G у 80 новых гарадах і пасёлках Беларусі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 07.01.2018 09:01
Сетка LTE пачала працаваць у Беларусі ў 2015 годзе. Першым горадам, дзе запусьцілі 4G, стаў Менск.
pixabay.com/Public Domain CC0


У першым паўгодзьдзі 2018 году апэратар „МТС” плянуе запусьціць паслугі LTE (4G) у 80 новых гарадах і пасёлках Беларусі, дадатковыя базавыя станцыі запрацуюць і там, дзе ўжо ёсьць 4G.

Як паведамілі ў прэс-службе „МТС”, у выніку сувязь чацьвёртага пакаленьня стане даступная 70% жыхароў усёй краіны, у тым ліку 95% гарадзкога насельніцтва. Карыстацца перавагамі тэхналёгіі змогуць ня толькі ў Менску й абласьцях, але й практычна ва ўсіх раённых цэнтрах Беларусі. Таксама ў новым годзе 4G ад „МТС” запрацуе на некаторых магістралях і сацыяльна значных аб'ектах краіны.

Усяго ў першым паўгодзьдзі 2018-га на 4G-карце „МТС” зьявіцца 650 новых базавых станцый LTE. Сёньня іх больш за 800, такім чынам, іх колькасьць вырасьце амаль на 80%.

У цяперашні час паслугамі 4G ад „МТС” карыстаюцца жыхары каля сотні населеных пунктаў Беларусі, у тым ліку ва ўсіх абласных цэнтрах. Сувязь новага пакаленьня працуе на тэрыторыі шэрагу найважнейшых аб'ектаў краіны, у тым ліку нацыянальнага аэрапорта Менск, рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі „Стайкі”, індустрыяльнага парка „Вялікі камень”, свабоднай эканамічнай зоны „Менск”, у бальніцах, навучальных установах і на прадпрыемствах.

Як адзначылі ў кампаніі „МТС”, попыт на доступ у інтэрнэт па тэхналёгіі 4G расьце. За год колькасьць карыстальнікаў інтэрнэту ў сетцы 4G „МТС” павялічылася ўтрая.

4G — гэта тэхналёгія, якая адрозьніваецца ад 3G і 2G больш высокімі хуткасьцямі перадачы зьвестак і меншым часам чаканьня адказу ад сеткі (пінг).

Сетка LTE пачала працаваць у Беларусі ў 2015 годзе. Першым горадам, дзе запусьцілі 4G, стаў Менск.

Беларуска-расейскае СТАА „Мабільныя ТэлеСыстэмы” — найбуйнейшы па колькасьці абанэнтаў апэратар у Беларусі з колькасьцю карыстальнікаў больш як 5,3 млн.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт