Амбасада ЗША ў Менску аднавіла выдачу ўсіх тыпаў візаў
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
30.01.2018 13:28
Упершыню за 10 гадоў жыхары і грамадзяне Беларусі змогуць атрымаць поўны спэктар візавых паслугаў.
pixabay.com/Public Domain/CC0
Ад 1 лютага амбасада Злучаных Штатаў у Беларусі пачне прапаноўваць «поўны спэктар неіміграцыйных візавых паслуг» – паведамляе Радыё «Свабода». Любы грамадзянін і рэзыдэнт Беларусі зможа зьвярнуцца ў амбасаду па візу любога тыпу.
«Упершыню за 10 гадоў мы зможам аказваць такія паслугі, – сказаў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі. – Мы вельмі рады, што зможам прапаноўваць іх беларусам, якім раней даводзілася езьдзіць у іншыя краіны».
Цяпер беларусам будуць даваць шматразовыя візы тэрмінам на 1 год, але ня болей. Тэрмін дзеяньня візаў вызначаецца «прынцыпам узаемнасьці»: Беларусь цяпер выдае амэрыканцам візы на 1 год. Стандартны кошт амэрыканскай візы – 160 даляраў. Пакуль амбасада ня мае магчымасьці выдаваць візы неграмадзянам і нерэзыдэнтам Беларусі.
Амбасада Злучаных Штатаў была вымушаная спыніць выдачу візаў у сакавіку 2008 году – пасьля таго, як беларускія ўлады вымусілі скараціць пэрсанал пасольства. Выдача візаў у Менску пачалася пасьля таго, як адносіны з ЗША палепшыліся, а амбасада Злучаных Штатаў у Расеі перастала выдаваць візы беларусам – з-за тых жа складанасьцяў, якія 9 гадоў раней узьніклі ў Беларусі.
Svaboda.org/ап