Прызначаны суд над удзельнікам „Маршу недармаедаў” Барановічам
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
08.02.2018 10:51
Сьвятаслава Барановіча абвінавачваюць ва ўжываньні гвалту да супрацоўніка міліцыі.
pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0
Працэс над былым палітвязьнем Сьвятаславам Барановічам адбудзецца 15 лютага ў Маскоўскім судзе. Судзіць удзельніка „Маршу недармаедаў” будзе судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка, працэс пачнецца ў 10.30.
Сьвятаслава Барановіча абвінавачваюць ва ўжываньні гвалту да супрацоўніка міліцыі падчас „Маршу недармаедаў”, які прайшоў у Менску ў сакавіку. Паводле сьледзтва, пасьля акцыі Сьвятаслаў Барановіч зьбіў на прыпынку грамадзкага транспарту супрацоўніка міліцыі ў цывільным.
Бойка адбылася падчас спробы пераапранутых міліцыянтаў затрымаць актывістаў анархісцкага руху, якія бралі ўдзел у „Маршы недармаедаў” у масках на тварах. За гвалт супроць міліцыянта Барановічу пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.
Пра тое, што ад пачатку кастрычніка 2017 году Сьвятаслава Барановіча ўтрымліваюць у СІЗА на Валадарскага, шырока стала вядома толькі ў студзені. Тады сястра вязьня Натальля сказала, што брат прызнае сваю віну, а на ўмовы ў „Валадарцы” ня скардзіцца.
Сьвятаслаў Барановіч вядомы таксама як адзін з апошніх актывістаў, каго судзілі за ўдзел у падзеях 19 сьнежня 2010 году, калі ўлады брутальна разагналі мітынг пратэсту супроць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў. У канцы 2011 году Сьвятаслаў Барановіч быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня без накіраваньня ў месцы пазбаўленьня волі. Да суду праваабаронцы прызнавалі Барановіча палітвязьнем.
Цяпер беларускія праваабаронцы патрабуюць ад уладаў спыніць супроць Сьвятаслава Барановіча крымінальны перасьлед і перакваліфікаваць ягоную справу ў адміністрацыйную.
Удзельнікі форуму „Свабоду палітвязьням Беларусі” зьвярталіся са зваротам адносна справы Сьвятаслава Барановіча ў Генэральную пракуратуру Беларусі, адкуль 30 студзеня прыйшоў адказ, што „зварот адасланы для разгляду ў пракуратуру Менску”.
svaboda.org/аз