Наваградзкія ўлады адмовіліся назваць вуліцу ў гонар Барыса Кіта
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
11.05.2018 15:07
Перайменаваць вуліцу ў гонар беларускага навукоўца ў Наваградзкім райвыканкаме лічаць немэтазгоднай справай.
Барыс Кітфота: polymia.by
Перайменаваць вуліцу ў гонар беларускага навукоўца Барыса Кіта ў Наваградзкім раённым выканаўчым камітэце лічаць немэтазгоднай справай – так піша старшыня выканкаму Анатоль Маркевіч у адказе на пэтыцыю, якая сабрала амаль паўтысячы подпісаў.
«Перайменаваньне вуліцы цягне за сабой замену пашпартоў грамадзян, якія пражываюць на гэтай вуліцы, тэхнічных пашпартоў і іншых дакумэнтаў, якія патрабуюць пэўных матэрыяльных выдаткаў», – сьцьвярджае гарадзкі кіраўнік Анатоль Маркевіч.
Насамрэч грамадзянам пры зьмене назвы вуліцы ня трэба мяняць пашпарты, а толькі паставіць новую пячатку аб рэгістрацыі на месцы жыхарства.
Маркевіч згадвае, што памяць пра Барыса Кіта захоўваецца ў Наваградку іншым чынам: навуковец названы ганаровым грамадзянінам гораду, ягонае імя занесенае ў Кнігу славы Наваградзкага раёну, у школе № 1 ёсьць музэй Барыса Кіта, 19 гадоў запар праходзіць інтэлектуальны турнір ягонага імя.
У пэтыцыі згадвалі пра званьне ганаровага грамадзяніна – назваць у ягоны гонар вуліцу прапаноўвалі, каб «паказаць, што Наваградак будзе заўсёды памятаць свайго слыннага сына». Пераназваць прапаноўвалі адну з цэнтральных вуліц – найлепш падыходзіць для гэтага, пісалі ў пэтыцыі, вуліца Савецкая.
Тым часам у Баранавічах пачаўся збор подпісаў за наданьне тамтэйшаму ўнівэрсытэту імя Барыса Кіта.
наша ніва/радыё свабода/вс