Справа БелТА: адных выпускаюць, другіх садзяць
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
09.08.2018 16:30
У Менску раскручваецца справа супраць журналістаў недзяржаўных СМІ.
Выпушчаных на свабоду журналістаў сустракаюць ля Сьледчага камітэтаФота: Tut.by/Дмитрий Брушко
У Менску працягваюцца арышты журналістаў па справе БелТА.
9 жніўня раніцай галоўны рэдактар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірына Леўшына не зьявілася на працы, яе мабільны тэлефон быў адключаны.
Пазьней Сьледчы камітэт паведаміў пра затрыманьне Леўшынай «па крымінальнай справе пра несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі». У кватэры Леўшынай быў праведзены вобыск, ускрыты сыстэмны блёк яе кампутара.
Тым часам рэдактараў партала Tut.by Галіну Ўласік і Ганну Калтыгіну выпусьцілі на свабоду. Уласік дала падпіску аб неразгалошваньні. Яна застаецца ў статусе падазраванай па справе БелТА. Уласік расказала, што сьледчыя «выграблі ўсё, што было ў доме» — сім-карты, флэшкі, тэлефоны і ноўтбукі. Большасьць тэхнікі ёй пры вызваленьні вярнулі.
Сёньня адбыўся допыт у Сьледчым камітэце журналісткі БелаПАН Тацьцяны Каравянковай, якая знаходзіцца пад вартай у сьледчым ізалятары.
У менскай кватэры Каравянковай і ў доме яе мамы ў Гарадзенскай вобласьці адбыліся вобыскі, канфіскацыя тэхнікі.
Галоўны рэдактар газэты «Советская Белоруссия» Дзьмітрый Жук заявіў, што ў справе БелТА ён ня бачыць аніякага прасьледаваньня журналістаў: «Пакуль тое, што я бачу з афіцыйных крыніц, гэта справа пра крадзеж інфармацыі, пра несанкцыянаваны доступ».
Раней зьявілася інфармацыя пра тое, што прынамсі адзін з пароляў, якім журналісты разнастайных СМІ карысталіся для доступу да платнай падпіскі БелТА, належаў газэце “Советская Белоруссия”. Паролем карысталася шырокае кола журналістаў на працягу некалькіх гадоў.
Таксама ёсьць інфармацыя, што некаторыя з рэдакцый на працягу апошніх месяцаў атрымлівалі папярэджаньні зь БелТА ў сувязі зь несанкцыянаваным доступам да сваёй платнай падпіскі.
Дарэчы, цяперашні рэдактар газэты “Советская Белоруссия” Дзьмітрый Жук да лютага 2018 года ўзначальваў БелТА.
Svaboda.org; Nn.by/вк