Logo Polskiego Radia
Print

Расея прыпыняе пастаўкі бязмытнай нафты ў Беларусь

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 10.08.2018 16:13
Крэмль дамагаецца ад Менска кампэнсацыі страт за вывезеныя нафтапрадукты.

Штогод Расея пастаўляла Менску бязмытную нафту, якую ў Беларусі перараблялі й прадавалі далей у выглядзе нафтрапрадуктаў. Цяпер Расея хоча прыпыніць гэтыя пастаўкі. Таксама Масква прыпыніла прадстаўленьне Беларусі крэдытаў.

Асноўная прычына дадзенага рашэньня -- страты расейскага бюджэту. Гэта вынікае з пратаколу зьменаў да двухбаковым міжурадавай дамовы і тлумачальнай нататкі «Белнафтахіма». Кіраўнік канцэрна напісаў, што «расейскі бок ініцыяваў спыненьне практыкі бесьперашкоднага вывазу з Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусь нафтапрадуктаў, матывуючы гэта стратамі бюджэту ва ўмовах павелічэньня аб'ёму іх вывазу».

З гэтай жа прычыны Крэмль «часова заблякіраваў трансфэр двух траншаў крэдытнай лініі Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця для Беларусі.

Масква чакае кампэнсацыі за пастаўленыя раней у Беларусь нафтапрадукты.

Міністэрства фінансаў Беларусі адмовілася ад камэнтара.

Паводле "Наша Ніва"/юл

Пачаў дзейнічаць бязьвізавы рэжым паміж Беларусьсю ды Кітаем

Сёньня ўступіла ў сілу пагадненьне пра бязьвізавы рэжым паміж Беларусьсю і Кітаем, паведаміла БЕЛТА.

Цяпер беларусы могуць знаходзіцца ў Кітаі без візы да 30 дзён падчас адной паездкі, але не больш за 90 дзён цягам году. Такое ж правіла дзейнічае для кітайскіх грамадзян.

Калі чалавек захоча заставацца ў краіне больш за 30 дзён, альбо займацца вучэбнай, прафэсійнай дзейнасьцю, тады яму давядзецца атрымаць адмысловую візу.

Бязьвізавы рэжым датычыць прыватных паездак, бізнэс-камандзіровак, турыстычных вандровак.

Міжурадавае пагадненьне аб узаемным бязьвізавым рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў было заключана 10 чэрвеня ў КНР.

З падпісаньнем дакумэнта Беларусь апынулася ў ліку нямногіх краін Эўропы, якія маюць бязьвізавы рэжым з Кітаем.

Паводле Белта/юл

Беларусь стала больш гандляваць са Швэцыяй

Таваразварот паміж дзьвюма краінамі ў 2018-м годзе павялічыўся на 28% працэнта да 83 мільёнаў даляраў.

Пра гэта паведаміла амбасада Беларусі ў Швэцыі. Пры гэтым дыпляматы заўважаюць, што гандаль ідзе з карысьцю для абедзьвюх краін: беларускі экспарт вырас на 73% да 24 мільёнаў даляраў, а пастаўкі швэдзкай прадукцыі ў Беларусь павялічыліся на 16% 59 мільёнаў.

Найбольшым попытам у швэдзкіх пакупнікоў карысталіся ўгнаеньні, якія пастаўляе Беларуская калійная кампанія; мэбля, драўняныя гранулы, брыкеты і шчэпкі, торф і галалёдная соль.

Аснову паставак са Швэцыі ў Беларусь, як і раней, складае прадукцыя машынабудаваньня ды хімічнай прамысловасьці. Гэта грузавыя аўтамабілі і седлавыя цягачы, дарожная і будаўнічая тэхніка, штучны воск, палімэры этылену, фарбы і лякі.

Найбольшы ж рост у першым паўгодзьдзі паказалі пастаўкі газавых турбін, абсталяваньня для лясной гаспадаркі, а таксама рухавікоў унутранага згараньня.

Паводле Белта/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт