Беларусь вылучыць на «Оскара» фільм Дар'і Жук
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
02.09.2018 14:00
Фільм «Хрусталь» рэжысэра Дар'і Жук увайшоў у праграму Лёнданскага кінафэстывалю — BFI London Film Festival.
Дар'я ЖукФота: facebook.com/darya1
Фільм "Хрусталь" рэжысэра Дар'і Жук, які Беларусь будзе вылучаць на саісканьне прэміі "Оскар", увайшоў у праграму Лёнданскага кінафэстывалю — BFI London Film Festival.
Дэбютная поўнамэтражная работа беларуска-амэрыканскага рэжысэра будзе паказана 14 кастрычніка па-за конкурсам. Гэта вельмі прэстыжны фэстываль, які праводзіцца пад патранатам Брытанскага кінаінстытута, адзначыла рэжысэр.
BFI London Film Festival пройдзе з 10 да 21 кастрычніка. Фэстываль знаёміць з работамі як вядомых, так і пачынаючых кінэматаграфістаў, у ім штогод удзельнічаюць каля 300 работ рэжысэраў з больш як 50 краін.
Беларуская прэм'ера драматычнай камэдыі "Хрусталь" прайшла 29 жніўня ў Менску, 30 жніўня карціна зьявілася на экранах беларускіх кінатэатраў. Фільм будзе паказаны больш як у 20 гарадах краіны.
Дзеяньне карціны адбываецца ў 90-я гады ў Беларусі. З-за памылкі ў падробленым дакумэнце на амэрыканскую візу дзяўчына-дыджэй аказваецца ў заводзкім гарадку Хрустальны. Аднак гераіня плянуе чаго б гэта ні каштавала дабіцца ажыцьцяўленьня сваёй амэрыканскай мары.
Сусьветная прэм'ера фільма адбылася ў чэрвені 2018 года на прэстыжным міжнародным кінафэстывалі ў Карлавых Варах, дзе карціна адкрыла конкурсную сэкцыю "На Ўсход ад Захаду". У ліпені "Хрусталь" атрымаў Гран-пры на міжнародным кінафэстывалі ў Адэсе, а ў жніўні быў удастоены двух прызоў у конкурсе "Капрадукцыя. Акно ў сьвет" на фэстывалі расейскага кіно "Акно ў Эўропу" ў Выбаргу.
На гэты момант фільм Дар'і Жук запрошаны больш як на 20 кінафэстываляў па ўсім сьвеце.
Афіцыйная заяўка ад Беларусі на саісканьне прэміі "Оскар" будзе адпраўлена разам з пракатным пасьведчаньнем з 30 жніўня да 1 кастрычніка: згодна з рэглямэнтам Амэрыканскай кінаакадэміі кожная краіна мае права намініраваць адзін фільм, выпушчаны з 1 кастрычніка 2017 года да 30 верасня 2018-га і паказаны ў камэрцыйным кінатэатры ня менш за сем дзён запар.
Zviazda.by/вк