У Беларусі працуюць над стварэньнем электрычнага грузавіка
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
21.09.2018 13:47
Праект рыхтуецца спэцыялістамі навукова-дасьледчага інстытуту зь Менскім аўтамабільным заводам.
Сядзельны цягач МАЗ-6440commons.wikimedia.org/Gruszecki/CC BY-SA 3.0
У Беларусі працуюць над стварэньнем электрычнага грузавіка. Праект рыхтуецца спэцыялістамі навукова-дасьледчага інстытуту «Электрамэханічныя й гібрыдныя сілавыя ўстаноўкі мабільных машын» разам зь Менскім аўтамабільным заводам. Пра гэта паведаміў кіраўнік інстытуту Аляксандр Бялевіч.
Ён нагадаў, што працягваецца распрацоўка легкавога электрамабіля і ў канцы 2018 году яго зьбіраюцца прадставіць. Паводле словаў Бялевіча, праца ідзе вельмі актыўна. «І мы распрацоўваем як легкавы аўтамабіль, так ужо глядзім і ў галіну камэрцыйнага транспарту», – цытуе словы Аляксандра Бялевіча сайт sb.by.
Пра тое, што беларускі электрамабіль будзе дапрацоўвацца да канца году, у красавіку сёлета паведаміў старшыня прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў. Ён быў створаны летась на базе сэрыйнай машыны GeelySC7 беларускай зборкі.
Больш за год таму Аляксандр Лукашэнка на тэрыторыі Палацу Незалежнасьці правёў тэст апошняй мадэлі электрамабіля Tesla й даручыў распрацоўшчыкам беларускага электрамабіля імкнуцца да гэтага ўзроўню.
эўрарадыё/вс
здымак мае ілюстрацыйны характар