Logo Polskiego Radia
Print

Мінпрыроды – супраць далучэньня Беларусі да канвэнцыяў па абароне жывёлаў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 03.12.2018 16:02
БНФ «Адраджэньне» прапануе Беларусі далучыцца да канвэнцыяў, якія распрацаваныя ў межах Рады Эўропы.
www.pixabay.com

Грамадзкае аб’яднаньне БНФ «Адраджэньне» атрымала адказ ад Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь на зварот, які месяц таму быў накіраваны аб’яднаньнем у шэраг дзяржаўных органаў.

У звароце БНФ «Адраджэньне» утрымлівалася прапанова аб далучэньні Рэспублікі Беларусь да эўрапейскіх канвэнцыяў па абароне жывёлаў, якія распрацаваныя ў межах Рады Эўропы. Падпісаньне міжнародных дамоваў па абароне жывёлаў магло бы быць выйсьцем з таго тупіка, які ўтварыўся ў спробах урэгуляваць абарону жывёлаў на ўзроўні нацыянальнага заканадаўства: адпаведны закон не могуць прыняць ужо амаль дваццаць гадоў.

У сваім адказе Мінпрыроды прызнае, што ўжо падпісаныя Рэспублікай Беларусь міжнародныя канвэнцыі пра абарону жывёлаў маюць вялікі пазытыўны ўплыў.

Але пры гэтым Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя лічыць, што прадметам дзейнасьці гэтага органа зьяўляецца толькі і выключна ахова дзікіх жывёлаў, а пытаньні абыходжаньня з хатнімі, сельскагападарчымі, а таксама безнагляднымі жывёламі датычаць кампэтэнцыі іншых міністэрстваў.

Намесьнік старшыні Грамадзкага аб’яднаньня БНФ «Адраджэньне» Зьміцер Салошкін, камэнтуе адказ Мінпрыроды:

"Шкада, што Мінпрыроды не адносіць да сфэры сваёй кампэтэнцыі абарону ўсіх жывёлаў, а не толькі дзікіх. (...). Дык можа замест таго каб прымаць усеабдымны акт, можна было б урэгуляваць тыя пытаньні, якія не выклікаюць пярэчаньняў, шляхам далучэньня да агульнапрынятых эўрапейскіх нормаў?"

БНФ «Адраджэньне» прапанавала міністэрствам і ведамствам разгледзіць магчымасьць далучэньня Беларусі да тых канвэнцыяў Рады Эўропы, якія адкрытыя да падпісаньня краінамі, якія не зьяўляюцца сябрамі Рады Эўропы:

• Эўрапэйская канвэнцыя аб абароне хатніх жывёлаў

• Эўрапэйская канвэнцыя аб абароне жывёлаў, якія разьмяшчаюцца на фэрмах

• Эўрапэйская канвэнцыя аб абароне пазваночных жывёлаў, якія выкарыстоўваюцца для экспэрымэнтаў альбо ў іншых навуковых мэтах,

• Эўрапэйская канвэнцыя аб абароне жывёлаў, якія прызначаныя на забой

• Эўрапэйская канвэнцыя аб абароне жывёлаў пры міжнароднай перавозцы.

Пяць гадоў таму, дзякуючы намаганьням грамадзкасьці, прэсы, актывістаў грамадзянскай супольнасьці была ўведзеная крымінальная адказнасьць за жорсткае абыходжаньне з жывёламі, а права складаць пратаколы за адміністратыўныя правапарушэньні ў гэтай сфэры было нададзенае міліцыі.

прэс-служба Партыі БНФ/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт