Уладзімір Макей: Гандляваць сувэрэнітэтам нельга
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
18.01.2019 13:27
«Беларусь як невялікая, сярэдняя па памерах эўрапейская дзяржава павінна таксама думаць, як нам абараніць, адстаяць свае інтарэсы...»
Міністар замежных спраў Беларусі Уладзімір МакейАляксандр Папко/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Уладзімір Макей чарговы раз выказаўся пра ўдзел Беларусі ў інтэграцыйных аб’яднаньнях і важнасьць захоўваньня сувэрэнітэту краіны, паведамляе БелТА. Міністар замежных справаў мяркуе, што абодва працэсы можна сумяшчаць.
«Нядаўна мы сустракаліся з маімі калегамі эўрапейскіх дзяржаў – міністрамі замежных спраў Аўстрыі, Вугоршчыны, і я цікавіўся іх меркаваньнем на гэты конт. І, як мне здаецца, ёсьць адназначнае выразнае разуменьне адносна таго, што сёньня, у турбулентную эпоху, выжыць адной дзяржаве самастойна немагчыма, – сказаў міністар. – Асабліва невялікім і сярэднім дзяржавам, асабліва тым, якія ня маюць магутных фінансавых рэсурсаў, вялікіх залежаў карысных выкапняў. Таму ёсьць агульнае разуменьне, што важна ўдзельнічаць у інтэграцыйных структурах, якія б прыносілі нейкія палітычныя, эканамічныя дывідэнды дзяржаве».
Пры гэтым Макей падкрэсьлівае, што ні ў якім разе нельга гандляваць сваім сувэрэнітэтам. Маўляў, цяпер мала хто гаворыць пра сяброўскія ці братэрскія адносіны паміж краінамі. Перад усім трэба дбаць пра абарону нацыянальных інтарэсаў, зазначыў Макей.
«Беларусь як невялікая, сярэдняя па памерах эўрапейская дзяржава павінна таксама думаць, як нам абараніць, адстаяць свае інтарэсы, ня толькі захаваць, але і ўмацаваць нашы сувэрэнітэт і незалежнасьць, тэрытарыяльную цэласнасьць», – мяркуе кіраўнік МЗС.
эўрарадыё/вс