Logo Polskiego Radia
Print

У Курапатах адбылася працэсія пратэсту

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 05.04.2019 09:12
Улады спынілі знос крыжоў, але ўсталёўваюць агароджу вакол урочышча.
Foto: Radio Svaboda/svaboda.org

Увечары ў чацьвер у Курапатах сабралася каля 200 чалавек, каб запаліць сьвечкі ды ўшанаваць памяць ахвяраў масавых расстрэлаў.

Хтосьці прыйшоў з кветкамі, нехта са сьвечкамі, хтосьці проста, каб пастаяць ля крыжоў. На ўваходзе ва ўрочышча і каля «Галгофы» дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.

З боку кальцавой дарогі на невялікім участку ўжо ўсталявалі жалезныя слупы і нацягнулі сетку – вынік выкананых «работ па добраўпарадкаваньні».

Сярод тых, хто прыйшоў, саветнік пасла Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі, актывісты Павал Белавус, Эдуард Пальчыс, Антон Матолька, палітыкі Віталь Рымашэўскі, Аляксей Янукевіч. Прыйшоў сьвятар Антоній Бокун, актывісты зладзілі хрэсны ход.

Міністар замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч заклікаў Беларусь паважаць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Так ён пракамэнтаваў знос крыжоў у Курапатах «Польскаму радыё». Кіраўнік польскай дыпляматыі заявіў, што гэта дрэнны сыгнал.

Гэта быў знак пратэсту супраць дзеяньняў уладаў па зносе крыжоў ва ўрочышчы. На загад Лукашэнкі 4 красавіка ў Курапатах дэсантавалі ды вывезьлі 70 крыжоў. 15 абаронцаў Курапат затрымала міліцыя.

Раніцай 5 красавіка рабочыя працягнулі працы. Крыжоў больш ня зносяць, толькі ставяць агароджу ўздоўж лесу з боку рэстарацыі «Поедем поедим».

Месца работ пільнуюць міліцыянты ды людзі ў цывільным.

Паводле Наша Ніва/Радыё «Свабода»/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт